Спыненне дэкрэту № 3: слабасць ці падман?


Тысячы беларусаў-пратэстоўцаў на вуліцах не толькі сталіцы, але і іншых гарадоў, заклікі да адстаўкі кіраўніка Беларусі, крытыка эканамічнай палітыкі ўладаў – усё гэта сёння дало свой плён.

Лукашэнка прыпыніў дзеянне дэкрэту аб «дармаедах» да канца года

Кіраўнік Беларусі дазволіў, прынамсі пакуль, не плаціць падатку.

Цягам жа сакавіка даручыў чыноўнікам дапрацаваць дэкрэт. А віну за правал усклаў цалкам на «дрэнных баяраў».

«Хтосьці ад прэзідэнта атрымаў па галаве. Пасля таго як вы, бязглузда, і безадказна пераклалі выкананне ідэалагічнага дакумента на каго? На падатковую! А тыя, ад балды скіравалі каля 500 тысячаў «лістоў шчасця», як іх цяпер называюць», – скінуў віну на чыноўнікаў Лукашэнка.

Гарант запатрабаваў пераправерыць спісы тых, хто не працуе

Пасля правярання дзяржаўныя службы абавязаныя прымусіць гэтак званых «асацыяльных элементаў» да працы. А асобаў, якія афіцыйна стаяць на ўліку ў цэнтры занятасці і хочуць працаваць, Лукашэнка загадаў да 1 траўня ўсіх працаўладкаваць. Як гэта зрабіць пры фактычным беспрацоўі амаль 6 % ды эканамічным абвале? Кіраўнік краіны мае рэцэпт: замест выкарыстання тэхнікі для добраўпарадкавання тэрыторыі лепей выкарыстоўваць – людзей. Няхай капаюць, малююць, падмятаюць.

Даў пернік, дае і бізун

Да папулізму Лукашэнкі, ад якога той ніколі не адмаўляўся, зноў дадаліся да болю знаёмыя беларусам тэорыі змоваў, пагрозы і запужвання ў бок нязгодных.

Звяртаючыся да міністра ўнутраных справаў Беларусі, Лукашэнка згадаў пра лідараў апазіцыі.

«Усе тыя, каго мы вызвалілі з-за кратаў за мінулае… Калі яны не зразумелі, тады іх варта туды зноў вярнуць», – падкрэсліў сваю «ліберальную палітыку» кіраўнік Беларусі.

Пратэсты адбудуцца нягледзячы ні на што

Заявы Лукашэнкі не застрашылі палітыкаў, якія гатовыя і надалей прасоўваць ідэю пратэстаў. Бо прыпыненне дэкрэту – гэта ўсяго толькі коска, а не кропка ў справе. Цвердзяць лідары апазіцыі.

«Яны адчулі небяспеку, яны адчулі нашу з вамі сілу. Яны зразумелі, што больш так кіраваць, каб рабіць усё што хочаш, народ ім не дазволіць», – заявіў палітык Уладзімір Някляеў.

Настроеныя на далейшае змаганне і рэгіянальная лідары

Аляксандр Кабанаў з Бярозы перад судом, па выніках якога сёння яго пакаралі пяццю соднямі арышту за Марш у Берасці, заявіў, што працягне дзейнасць нягледзячы ні на што.

11 сакавіка а 18-ай гадзіне, на вуліцы выйдуць жыхары Маладзечна. У суботу Пінск – пачатак а 12-ай гадзіне. Але найбольш гарачым днём тыдня будзе нядзеля. Запланаваныя ажно тры пратэсты: Бабруйск, Ворша ды Рагачоў. У сталіцы ж абураныя беларусы выйдуць пратэставаць 15-га сакавіка. Пачатак а 17:30. Онлайн-трансляцыю пратэстаў як у сталіцы, гэтак і ў рэгіёнах будзе паказваць наш тэлеканал як праз спадарожнік, гэтак і на старонцы «belsat.eu».

Юрый Салодкі, «Белсат»