Спыненне ДАІшнікамі для праверкі дакументаў можа стаць звычайнай з'явай


Фота – Віктар Драчоў/ТАСС/Forum

Гэта адна са зменаў у Правілы дарожнага руху, якія цяпер абмяркоўваюцца на Прававым форуме Беларусі.

У тэме пра змены ў Правілы дарожнага руху каментароў – больш чым на 120 старонак.

Рэпартаж Змітра Міцкевіча глядзіце ў поўным выданні навінаў за 11 траўня:

Паводле цяперашніх Правілаў, кіроўцы мусяць спыняцца па патрабаванні супрацоўніка ДАІ, аднак падставы для гэтага патрабавання канкрэтна не вызначаныя. Адпаведна, на гэтай глебе ўзнікае шмат непаразуменняў і нават канфліктаў паміж грамадзянамі ды праваахоўнікамі.

«Ніхто не ведаў, як трэба рабіць. Дзяржаўныя органы – ДАІ – былі ўпэўненыя ў тым, што яны маюць права спыняць для праверкі дакументаў транспартавыя сродкі. А значная колькасць аўтамабілістаў, экспертаў, людзей, якія разбіраюцца ў законе, былі ўпэўненыя, што яны гэтага права не маюць», – кажа Наталля Жураўлевіч, в. а. галоўнага рэдактара «Abw.by».

Яшчэ адна змена ў ПДР – дазвол раварыстам не спешвацца на некаторых пешаходных пераходах. Тлумачаць гэта тым, што і так шмат хто сходзіць з жалезнага каня на пераходзе. Ёсць і новае правіла – «дзвюх палосаў». Згодна з ім, пешаход мае перавагу перад аўтам, калі адлегласць паміж імі складае дзве ці менш паласы (адну паласу і трамвайныя шляхі ці раздзяляльную паласу або зону). Крытыкі кажуць, што ўжо і так ёсць дэфініцыя «саступіць дарогу». Аднак яна таксама трактуецца ДАІшнікамі па-рознаму.

«Наконт дзвюх палосаў трэба было абазначыць абавязкова. Таму што гэта такі балючы момант для нас. Закон павінен быць максімальна канкрэтным. Каб месца для суб’ектыўнага пункту гледжання не было. Каб даішніку не трэба было «я падумаў, я вырашыў, мне здалося». Не трэба гэтага. Ёсць закон, ты яго выконваеш», – дадае Наталля Жураўлевіч.

Пры такім падыходзе значна менш праблемаў будзе як для праваахоўнікаў, гэтак і для звычайных грамадзянаў. І гэта датычыць не толькі пытанняў дарожнага руху.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»