Спявачка Руся загіпнатызавала гасцей канцэрту «Shuma»


Адзін з самых паспяховых беларускіх гуртоў – «Шума» – прэзентаваў новую праграму пад назвай «Гіпнатычная сесія». Наведнікаў канцэрту, што прайшоў у сталічным бары «Бруге», загіпнатызаваў не толькі вакал Русі ды Надзеі Чыгуновай, але і атмасфера, створаная пры дапамозе ароматэрапеўта.

Галіны дрэваў, шышкі і лясныя пахі ў фоне

У новай праграме гурт «Shuma» на выходных здзівіў нестандартным афармленнем прасторы.

Водар хвоі ды сапраўдныя птушыныя спевы напоўнілі танцпол. Каб перанесці наведнікаў на некалькі гадзінаў у лясную прастору, музыкі запрасілі візуальных мастакоў і ароматэрапеўта.

Да натуральных рытмаў дастасаваліся і кампазіцыі з леташняга альбому «Сонца»: пачаткова танцавальныя песні запаволілі да тэмпу 95 удараў на хвіліну. З такім жа тэмпам б’ецца сэрца падчас спакойнага шпацыру.

«Калі вы шпацыруеце, вы нібыта знаходзіцеся ў дыялогу з самім сабой. Бывае ў вас такое адчуванне: вось ідзяце і думкі ганяеце ў галаве? Мы вырашылі зрабіць тэмп менавіта 95, каб аўдыторыя прыходзіла і магла мець з сабой дыялог», – даводзіць сэнс задумы салістка гурта Руся.

Новыя твары, кантрабас і альпійскі рог

Для стварэння рэміксу кружэлкі «Сонца» гурт запрасіў трэцюю вакалістку – Юлію Гібкоўскую – і новага музыку Віталя Гармаша. Апроч ужо вядомых этнічных песень у спалучэнні з электроннаю музыкай праграму разнастаілі і акапэльныя спевы.

У якасці ж інструментальнага эксперыменту ў таямнічым лесе прагучаў кантрабас і альпійскі рог.

Канцэрт спадабаўся аматарам дып-гаўсу, і выпускнікам музычных школаў

«Так як мы музыканты, мы чуем, што дзяўчыны вельмі добра пяюць. Вельмі цікава, па-сучаснаму, поўны зал моладзі і гэта радуе».

«Я яшчэ малады, мне гэта падабаецца. Гены таксама ёсць, яны старажытныя, нешта ўспамінаюць, як бабулі такое спявалі».

– дзеляцца падзяліліся ўражаннямі наведнікі канцэрту.

У планах «Шумы» эксперыментаваць і надалей

А таксама запрашаць да супрацы новых музыкаў і працягваць серыю гіпнатычных канцэртаў. Наступны з іх, прасвечаны тэме балотаў, мае адбыцца ўвосень.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: budzma.by