Спробы кантролю сацсетак


Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп падпісаў указ аб рэгуляванні працы сацыяльных сетак і адразу прыгразіў закрыць «Twitter» на тэрыторыі Злучаных Штатаў. Што так раззлавала амерыканскага лідара, для якога гэтая платформа доўгі час была і застаецца асноўнаю трыбунай? І чаму цяпер Доналда Трампа вінавацяць у спробах цэнзуравання ў сеціве?

Пагроза зачыніць сацыяльную сетку з птушачкай на лагатыпе прагучала амаль адразу пасля падпісання ў Белым доме загаду аб рэгуляванні сацыяльных сетак і «перадухіленні онлайн-цэнзуры». Дакумент дае новае трактаванне Закону аб этыцы ў сферы камунікацыяў.

«Выбар, які робіць «Twitter», калі абірае рэдагаванне, забарону доступу або чорныя спісы – гэта рэдакцыйныя рашэнні, чыстыя і простыя. У гэтыя моманты «Twitter» перастае быць нейтральнаю публічнаю платформай ды робіцца рэдагаванай. Тое самае можам сказаць і пра іншых, калі паглядзець на тое, што робяць «Google» ці «Facebook», – мяркуе Доналд Трамп.

Новы ўказ дае магчымасць падаваць у суд на сацыяльныя сеткі, грунтуючыся на тым, якім чынам тыя кантралююць кантэнт. А ранейшы імунітэт, вядомы як 230 артыкул Акту аб камунікацыйнай прыстойнасці, цяпер не будзе працаваць, калі інтэрнэт-кампанія рэдагуе або выдаляе кантэнт карыстальнікаў. «Twitter» назваў указ «рэакцыйным і палітызаваным». А ў «Facebook» заявілі, што адмена або карэктаванне двухсот трыццатага артыкулу толькі абмяжуе свабоду слова ў сеціве.

«Ён хоча прыняць закон, які вельмі шырока будзе трактавацца федэральнымі акруговымі судамі, і наўпрост кажа, што заменіць усё гэта ўласным тлумачэннем», – кажа прафесар Кейт Клонік.

Адносіны амерыканскага прэзідэнта з сацыяльнымі сеткамі днямі канчаткова сапсаваліся. Віной усяму – дыскусія вакол працэдуры галасавання падчас пандэміі каронавіруса на будучых прэзідэнцкіх выбарах. Два дні таму «Twitter» пазначыў дзве публікацыі Трампа як тыя, «што маюць патрэбу ў праверцы фактаў». А пасля скандалу кіраўніцтва сацсеткі дадало, што не зменіць пазіцыі ў дачыненні ўсёй размешчанай інфармацыі. Але новы закон, калі пройдзе ўсе інстанцыі, можа ўдарыць і па прэзідэнту.

«Ідэя стварыць цалкам новыя ўрадавыя паўнамоцтвы, якія маглі б рэгуляваць сацыяльныя медыя-платформы, – насамрэч шлях да краху. Бо пры будучай адміністрацыі гэтыя паўнамоцтвы могуць быць выкарыстаныя такім чынам, каб здушыць тых самых кансерватараў, якіх сёння рэпрэзентуе Трамп»,– кажа Стыў Дэлб’янка, прэзідэнт “Netchoice”.

Амерыканскае Міністэрства юстыцыі ўжо анансавала рыхтаванне іншага законапраекту, які дапоўніць указ прэзідэнта. Аднак пакуль змены ў дзейнае заканадаўства можа прыняць выключна Кангрэс. А «Facebook», «Twitter» і «Google» ужо паабяцалі аспрэчваць новую захаду ўсімі сіламі.

Кірыл Смяглікаў, «Белсат»