Аб'ектыў 19.12.2015 Спробе рэвалюцыі ў Беларусі споўнілася пяць гадоў


19 снежня 2010 года на Плошчу выйшла некалькі дзясяткаў тысячаў чалавек, сёлета – амаль нікога. Беларусы зрабілі высновы? Эксперты лічаць: не.

У сваёй Нобэлеўскай прамове Святлана Алексіевіч сказала: нашая рэвалюцыя не перамагла, але героі рэвалюцыі ў нас ёсць. Алексіевіч не ўдакладняла, якія менавіта падзеі яна мела на ўвазе, але апошняя спроба рэвалюцыі адбылася ў Беларусі пяць гадоў там. Увечары 19 снежня 2010 года людзьмі быў цалкам запоўнены адрэзак праспекту Незалежнасці ад Кастрычніцкай плошчы да Дому Ўраду.

Паводле розных ацэнак на вуліцу выйшлі ад 30 да 100 тысяч беларусаў, якія былі нязгодныя з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Пасля жорсткага разгону акцыі пратэсту за кратамі аказаліся 639 удзельнікаў мітынгу, у тым ліку 7 кандыдатаў на прэзідэнцтва. Апошнім, з усіх удзельнікаў Плошчы, на волю выйшаў Мікола Статкевіч, ён жа атрымаў максімальны тэрмін – 6 гадоў пазбаўлення волі.

Апроч Статкевіча па справе 19 снежня прайшлі амаль усе актывісты дэмакратычнай супольнасці, журналісты, грамадскія дзеячы. Але не ўсе з іх лічаць тую дату нейкай трагічнай. Грамадскі актывіст Павал Вінаградаў кажа, што калі б не нагадаў «Белсат», ён наагул не ўзгадаў бы пра гадавіну Плошчы:

«Мае стаўленне да таго, што адбылося, не змянілася ніяк, я не драматызую: менавіта так і мяняюцца рэжымы, так змяняюцца дыктатуры».

Неадэкватная рэакцыя ўладаў на Плошчу і санкцыі заходніх краінаў супраць афіцыйнага Менску фактычна на пяць гадоў замарозілі двухбаковыя стасункі Менску і Бруселю.

Палітолаг Уладзімір Мацкевіч лічыць, што беларусы не вынеслі высноваў з той Плошчы:

«Усе што рабілася ў 2010 годзе было памылковым: злачынным з боку ўладаў і бязглуздым з боку апазіцыі. На жаль, мы не зрабілі з гэтага высновы і дазволілі маніпуляваць электаратам і грамадскай супольнасцю з боку ўладаў і ў 2015 годзе».

Паводле ацэнак удзельнікаў выбарчай кампаніі 2010 году Аляксандр Лукашэнка не набраў агучаныя ЦВК 79,65% галасоў выбарцаў. Зыходзячы з пратаколаў незалежных назіральнікаў, прынамсі паводле вынікаў па Менску, у 2010 годзе мусіў адбыцца другі тур выбараў, куды выходзілі Аляксандр Лукашэнка і Андрэй Саннікаў.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары