Справу сям'і Шарэндаў спынілі. Спыняць і «справу патрыётаў»?


Рэч не ў справядлівасці следства, а ў заходніх санкцыях, кажуць актывісты.

Следчы камітэт Берасцейскай вобласці спыніў пераслед актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя і Паліны Шарэндаў. Крымінальная справа супраць актывістаў была распачатая за вывешванне ў Берасці расцяжкі, якая, паводле экспертызы, «цынічна зневажала» Аляксандра Лукашэнку.

«17-га лютага нехта вывесіў расцяжку, і па факце расцяжкі за выказванне «Лукашенко – ты урод, хватит грабить наш народ» (яна па-расейску была) завялі крымінальную справу аб абразе прэзідэнта», – кажа Шарэнда.

У Шарэндаў было алібі: 17 лютага яны былі на акцыях пратэсту супраць падатку на сацыяльнае ўтрыманства. І нават атрымалі штраф.

«Відавочна, замоўная справа з боку ўладаў супраць нас, каб абмежаваць нашую дзейнасць, бо мы актывісты», – кажа Паліна Шарэнда-Панасюк.

Андрэя і Паліну Шарэндаў перасталі пераследаваць праз адсутнасць у дзеяннях складу злачынства і недаказанасць іх удзелу. Але не варта бачыць тут справядлівасць следства, кажа былы палітвязень, каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка. Рэч у чароўных санкцыях, якія рэжым Лукашэнкі можа атрымаць ад Захаду за новых палітвязняў.

«Гэта актыўная міжнародная кампанія салідарнасці і міжнародная дзейнасць лідара «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Саннікава, а другая рэч – міжнародныя сустрэчы, міжнародныя мерапрыемствы ў гэты час, прыезд міністраў замежных справаў, а потым – правядзенне Парламенцкай асамблеі АБСЕ», – лічыць каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка.

Адсюль жа і ганебны працяг справы «Белага Легіёну», што распачалася пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі пра аплачаных Захадам баевікоў. Увесну, калі па Беларусі ішлі хвалі пратэстаў супраць Дэкрэту нумар тры, КДБ арыштавала трыццаць чалавек абвінаваціўшы іх у рыхтаванні масавых закалотаў і стварэнні ўзброеных атрадаў. А дзяржаўнае тэлебачанне паказвала прапагандысцкі фільм пра баевікоў.

На сёння пад вартаю застаюцца 14 чалавек, КДБ перадаў у Следчы камітэт. Абвінавачанне ў рыхтаванні няісных масавых закалотаў знікла.

Прычыну рэпрэсіяў Зміцер Бандарэнка бачыць у тым, што ўлады вырашылі пакараць апазіцыю за «суб’ектнасць», за тое, што апазіцыя «прапанавала перамовы з уладай».

Справу «Белага Легіёну» можа напаткаць той жа лёс, што і справу аб расцяжцы з вершам пра Лукашэнку: да суда яна можа не дайсці.

Яраслаў Сцешык