Справу пра мыла і вяроўку вырашылі на карысць «Рэгіянальнай газеты»


Маладзечанскі завод адклікаў судовыя прэтэнзіі да «Рэгіянальнай газеты» за матэрыял пра «мыла на вяровачцы». Прадпрыемства нават сплаціць палову выдаткаў за паслугі адваката. Так скончыўся суд супраць журналістаў, якіх абвінавачвалі ў абразе і падрыве дзелавой рэпутацыі заводу.

У Менскім абласным эканамічным судзе закончылі разглядаць справу Маладзечанскага заводу парашковай металургіі супраць «Рэгіянальнай газеты». Бакі падпісалі міравое пагадненне аб матэрыяле «Каб не скралі» з фотаздымкам мыла на вяровачцы ў прыбіральні заводу.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Сёння мелася адбыцца трэцяе паседжанне суда, аднак бакі да пачатку працэсу дамовіліся. Завод адмовіўся ад сваіх патрабаванняў у поўным аб’ёме, а таксама абавязаўся сплаціць палову выдаткаў на паслугі адваката.

Перад Новым годам прадпрыемства звярнулася ў суд з прэтэнзіяй да матэрыялу недзяржаўнага выдання з патрабаваннем зняпраўджання інфармацыі ды выкрыцця крыніцы, якая даслала звесткі ў рэдакцыю, а таксама спагнання з адказчыка дзяржаўнага мыта. «Рэгіянальная газета» прэтэнзіяў не прызнавала.

«Можна было ўспрыняць гэта проста з іроніяй кіраўніцтву заводу. І на гэтым усё. І мы давалі магчымасць ім выказацца, калі прыязджалі ў той самы дзень, у дзень публікацыі пра гэтае мыла», – зазначае галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч.

Прадстаўнікі заводу настойвалі, што публікацыя пад загалоўкам «Каб не скралі. У прыбіральні на маладзечанскім заводзе мыла прывязалі на вяроўку», а таксама негатыўныя каментары нанесла ім іміджавыя страты. Паводле намесніка дырэктара заводу, да іх ужо звярталіся з партнёрскіх арганізацыяў і ім даводзілася даваць тлумачэнні.

«Сваёй публікацыяй газета так ці іначай кідала цень на тое, што, аказваецца, у нас можна не толькі мыла скрасці, а, магчыма, і дэталі, якія пойдуць, выбачаюся, на абарону», – сцвярджае намеснік дырэктара заводу Васіль Капуцкі.

Да працэсу ў якасці эксперта прыцягнулі адмыслоўца Цэнтру даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандра Лукашанца.

«Выразы, на мой погляд, не ўтрымліваюць негатыўный інфармацыі аб заводзе. Бо гаворка ідзе не пра тое, што на заводзе крадуць», – падкрэслівае Аляксандр Лукашанец з Цэнтру Даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН.

На гэтым жа настойвала і Зоя Хруцкая, намесніца галоўнага рэдактара газеты і аўтарка публікацыі, якая выступіла ў судзе ў якасці сведкі. Раскрыць крыніцу, што даслала ў рэдакцыю фотаздымак, выданне адмовілася. Не падтрымала хадайніцтва прадстаўнікоў заводу аб выкліку аўтара выявы і суддзя.

«Такія працэсы, калі звяртаюцца па малазначнай нагодзе да суда, шмат плацяць і дзяржаўнай пошліны, і падаткаў, якія выплачваюцца пасля адвакатам, спецыялістам, сведчаць пра тое, што ім трэба змяніць свае адносіны да публікацый, якія выходзяць у незалежных СМІ», – кажа намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.

Паводле Аляксандра Манцэвіча, выданне цалкам задаволенае тым, як скончылася справа. Асабліва, што датычыць скасавання прэтэнзіяў.

Хрысціна Чарняўская belsat.eu

Фота: rh.by