Справаздача расейскіх дыпламатаў: Міхаіл Бабіч распавёў, як добра стала жыць ў Крыме


Сёння ва ўсіх амбасадах Расеі паслы распавядалі ахвочым, якім файным зрабіўся Крым пасля анексіі. Гадзінную справаздачу ў Менску зладзіў і правая рука Уладзіміра Пуціна – Міхаіл Бабіч. Чаму ў гэткі спрэчны дзень Беларусь дазволіла Расеі вяшчаць пра Крым з нашай сталіцы?

Нязменнаю засталася толькі марская хваля… Пасол Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч паведаў сёння журналістам, і пра тое, якім (даслоўна) дэпрэсіўным рэгіёнам быў Крым за Украінаю, і пра тое, якім стаўся пасля пачатку расейскай фінансавай праграмы ў трыльён рублёў, і пра тое таксама, як хочуць «адбіваць» грошы:

«У Крыме пабудавалі аэрапорт на 7 млн чалавек. Праўда ўчора спрабавалі ў Крым узяць квіткі на ліпень, то квіткоў няма», – распавядае Міхаіл Бабіч.

«Набывайце сёння бо заўтра не будзе» – стратэгія продажаў, якая актыўна стасавалася гандлярамі ў 90-я. У беларускіх турагенцыях пуцёвак у Крым дастаткова, але не яны найпулярнейшыя:

«Гэта відавочна – Турцыя, Егіпет, Балгарыя, Грэцыя. Гэта краіны-лідары па продажах па выніках этапу ранняга браніравання», – кажа Таццяна Дземішчык з рэкламнай агенцыі «Мерлінтур».

Для шматлікіх беларусаў шлях у Крым закрыўся пасля захопу тэрыторыяў Масквою. Для некага – не прынцыпова.

«Мы кожны год бываем, зрабілася чысцей, а цэны калі ўзняліся, то нязначна, прыкладна як і ў нас», – расказвае жыхарка Менску.

Каб было чым пахваліцца, Расея мусіла разбудаваць у акупаваным Крыме інфраструктуру.

«Сапраўды, укладанні ёсць моцныя ў інфраструктуру, але яна не для Крыму, не для ягоных карэнных жыхароў, а для «новых крымчан», якія з’яўляюцца забеспячэннем таго Крыму, якім яго хоча бачыць Расея», – кажа палітолаг Вольга Харламава.

Кіраўнік Беларусі не прызнаў Крым расейскай тэрыторыяй, але пра нейтральнасць у пытанні не надта дбае. У айчынных крамах пад цэтлікам з расейскім сцяжком прадаецца крымскія віно і спажывецкая сода. Журналіст «Белсату» Ігар Ільяш мяркуе:

«Гэта абсалютная дробязь для беларускага рынку і сапсаваць свой імідж міжнародны ў вачах суседзяў – безумоўна таго не варта».

Кіеў лічыць кантрабандным гандляванне беларускіх прадпрыемстваў з акупаванымі ўкраінскімі тэрыторыямі. Крывадушшам у вачах беларусаў выглядае і дазвол Міхаілу Бабічу скарыстацца беларускай пляцоўкі ў гадавіну анексавання Крыму.

«Незаконныя такія мерапрыемствы выстаўляюць як свята. Нават не ведаю, што на гэты конт сказаць… Проста няхай адсюль папросту сыходзіць».

«Ён лічыць гэтую тэрыторыю сваёй тэрыторыяй».

«Відаць, усе мы мусім задумацца над тым, што адбываецца цяпер. Так, задумацца і зрабіць выбар», – разважаюць жыхары Менску.

Выбраць Украіну Аляксандр Лукашэнка не можа, бо з усходняга боку – наш асноўны крэдытор і пастаўляльнік энергарэсурсаў. Хоць у апошні час у дыпламатычных стасунках не ладзіцца. Дзейны расейскі пасол мае адметнасць:

«У тым, што ён не толькі амбасадар, ён спецпрадстаўнік Пуціна, гэта азначае, што ён не толькі амбасадар, але і палітык», – тлумачыць Анатоль Лябедзька, цэнтр «Еўрапейскі дыялог».

Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі аднак назваў яго «рахункаводам або падаючым надзеі бухгалтарам». А сёння атрымаў адказ ад самога расейскага амбасадара:

«Пасол – гэта найвышэйшы заканадаўчы прадстаўнік сваёй дзяржавы, акрэдытаваны ў дзяржаве прыбыцця, які адказвае за рэалізацыю вонкавапалітычнага курсу, суверэнітэту, незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці сваёй краіны».

Пра цэласнасць, за якою стаіць губленне суверэнітэту іншай дзяржавы, вялося сёння на працягу гадзіны – у Менску, які на працягу некалькіх месяцаў абараняе перад Крамлём свой уласны.

Юлія Цяльпук, belsat.eu