Справа загінулай на ўборцы бульбы школьніцы: замест арганізатараў судзяць кіроўцу і настаўнікаў


Трагедыя здарылася больш за два месяцы таму на полі сельскагаспадарчай арганізацыі «Усход-Агра». Дасюль крымінальныя справы распачатыя супраць кіроўцы, які наехаў на трынаццацігадовую Вікторыю Папчэню, і двух настаўнікаў школы № 11 у Маладзечна, якія суправаджалі вучняў. Аднак бацькі загінулай дзяўчынкі перакананыя, што гэта далёка не ўсе, хто мусіць адказаць за смерць іхнае дачкі.

«Я не хачу каб пакаралі толькі кіроўцу і настаўнікаў. Яны канешне вінаватыя, але вінаватыя і тыя, хто накіроўваў», – зазначыў Алег Папчэня, бацька Вікторыі.

Хто дапусціў вучаніцу да працы на бульбяным полі?

Адказы розныя. Раней стала вядома, што адмысловае распараджэнне пра неабходнасць скіраваць вучняў на сельскагаспадарчыя працы ў школу № 11 прыйшло з Маладзечанскага райвыканкаму. Неўзабаве намеснік дырэктара па выхаваўчай працы пастанавіў выслаць на поле 20 навучэнцаў.

Пасля трагедыі ў райвыканкаме заявілі, што ліст меў выключна рэкамендацыйны характар. Аднак настаўнікі кажуць іншае.

«Мне двойчы тэлефанавалі на мабільны тэлефон з аддзелу адукацыі і казалі адправіць дзяцей 10 класу. Пасля мне патэлефанавалі, бо аўтобус не прыехаў на час, і сказалі ў прыказным парадку: дзе вашыя дзеці? Я лічу, што гэта быў загад. Нас трымаюць на кароткім павадку. Спрабуй не паслухайся», – распавяла Галіна Пішчык, былая намесніца дырэктара.

Гэта парушэнне закону, а не няшчасны выпадак

А таму бацькі загінулай Вікторыі намагаюцца давесці, што трагічны інцыдэнт не быў толькі няшчасным выпадкам, а найперш – наступствам незаконных працоўных дачыненняў з «Усход-Агра». Раней у інспекцыі працы Папчэням адмовілі ў правядзенні адмысловага правярання. Маўляў, дзяўчынцы не было чатырнаццаці гадоў, а значыць, не магло быць працоўных дачыненняў і, як наступства, выпадку на вытворчасці. У сваю чаргу школа заявіла, што паездка на бульбу ўвогуле была не працаю, а ўдзелам у выхаваўчай акцыі «Дапамажы сабраць ураджай». З такою пазіцыяй не пагаджаюцца праваабаронцы.

«Былі працоўныя адносіны. Гэтую дзяўчынку накіравалі, сказалі, што ўзяць, далі транспарт, заехалі на калгаснае поле, абазначылі абʼём працы. Усё! А тое, што яна не мела чатырнаццаці гадоў гэта не яе віна», – упэўнены Эдвар Баланчук з Беларускага Хельсінскага Камітэту.

Справа Вікторыі Папчэні атрымала грамадзянскі рэзананс

Прызнанне працоўных дачыненняў дазволіць бацькам дзяўчынкі атрымаць адпаведныя кампенсацыі. А правяранне інспекцыі працы ў гэтым кірунку можа ўсё ж такі адбыцца. Сёння суд паведаміў, што бацькі загінулай вучаніцы могуць дапаўняць пазоўныя патрабаванні.

«У нашай краіне пачынаюць рэагаваць толькі калі нешта адбудзецца. Раней трэба было думаць. Не вернеш назад».

«Ёй жа было толькі трынаццаць гадоў. Як такое дзіцё можна пасылаць на такую працу. Нават даросламу цяжка падняць вядро».

– мяркуюць жыхары Маладзечна.

Незалежныя прафсаюзы запатрабавалі ад Міністэрства адукацыі спыніць практыку выкарыстання працы дзяцей у сельскагаспадарчых працах. Сустрэцца з кіраўніком ведамства Міхаілам Жураўковым наконт гэтага пытання спрабавала і дэпутатка ад апазіцыі Ганна Канапацкая. Аднак чыноўнік на спатканне не прыйшоў.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: SPUTNIK / Сяргей Ляскець