Справа патрыётаў. Пасадзілі памылкова? Вашыя праблемы!


Зміцер Крамянецкі – актывіст арганізацыі «Малады фронт», адзін з фігурантаў «справы патрыётаў», правёў за кратамі 10 дзён. У ізалятары на вуліцы Валадарскага следчыя КДБ патрабавалі ў яго прызнання пра няісныя лагеры баевікоў у беларускіх лясах, пра даўно няісную арганізацыю «Белы Легіён». Калі крымінальную справу спынілі, Зміцер падаў у суд па кампенсацыю маральнай шкоды. Сёння сталічны суд Маскоўскага раёну вынес рашэнне: кампенсацыі не будзе. Бо Следчы камітэт адмяніў сваю ж ранейшую пастанову з дазволам Крамянецкаму скардзіцца на яго.

«Позва пайшла ў суд, нам нават прызначылі дату паседжання, але са Следчага камітэту прыйшла папера, што яны адмяняюць гэтую пастанову, таму што орган, які распачынаў і сканчаў крымінальную справу – гэта КДБ», – дадаў хлопец.

У КДБ лічаць усе свае дзеянні законнымі

«Вы пытаецеся аб праве на кампенсацыю маральнай шкоды ў сувязі з незаконнасцю вашага ўтрымання пад вартай у органа крымінальнага пераследу, які адносна вас яго і ажыццяўляў. Не проста ў суда, а менавіта паводле працэдуры ў іх трэба запытацца, маеце права ці не маеце», – тлумачыць праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Справа «Белага легіёну» распачалася ўвесну

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў беларускіх лясах затрымалі дзясяткі баевікоў, якія нібыта рыхтавалі крывавыя правакацыі са зброяй. Потым па Беларусі пракацілася хваля арыштаў, агулам за краты кінулі 35 асобаў, людзям пагражалі даўгія тэрміны. Дзяржаўнае тэлебачанне паказвала прапагандысцкія фільмы, мяшаючы ў кучу ісламістаў, сімволіку патрыятычных арганізацыяў і Наваросіі, страйкбольныя макеты зброі ды кавалкі арматуры.

У выніку КДБ перакінуў справу Следчаму камітэту, камітэт яе прыпыніў. Ніякіх лагераў баевікоў не было, зброі не было.

«Дзеянні абвінавачаных не маюць грамадскай небяспекі, уласцівай злачынству, бо не прынеслі істотнай шкоды інтарэсам і грамадскім адносінам, якія ахоўвае закон. Таму дзеянні абвінавачаных у адпаведнасці з ч. 4 арт. 11 КК прызнаныя малазначнымі», – падсумаваў Следчы камітэт Беларусі

Паводле пракурораў, затрыманыя самі вінаватыя

Бо час ад часу гулялі ў ваенізаваныя гульні і займаліся фізічнаю падрыхтоўкаю. Справу аддалі назад у КДБ.

Сам Зміцер Крамянецкі пойдзе са скаргаю далей, у Менскі гарадскі суд. У Еўрапейскі суд правоў чалавека беларусы звярнуцца не могуць, але ёсць яшчэ Камітэт правоў чалавека ААН у Жэневе.

«То бок да любога грамадзяніна краіны можна прыехаць дадому, правесці вобшук, забраць асабістыя рэчы, пасадзіць у СІЗА, выпусціць, і ўсё», – абураецца Зміцер.

На гэта і было разлічана. Арышты, крымінальныя справы і жорсткая прапаганда былі прызначаныя збіць хвалю сацыяльных пратэстаў. Менавіта ўзімку і ўвесну па ўсёй Беларусі людзі бунтавалі супраць дэкрэту № 3.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: фота: Alyona Kardash / TASS / Forum