Справа Паліенкі: шэсць гадоў строгага рэжыму за распылены балончык?


Шэсць гадоў пазбаўлення волі, а з улікам амністыі – скараціць зняволенне да пяці гадоў – такога пакарання для анархіста Змітра Паліенкі запатрабаваў пракурор за распылены газавы балончык.

Зміцер сітуацыю акрэслівае як самаабарону. Пацярпелы ў справе папрасіў суд не ўжываць да Паліенкі цяжкі артыкул. Сябры ж і паплечнікі актывіста перакананыя, што гэткі неадпаведны ўчынку вырак – замоўленае рашэнне «зверху».

«Тое, што адбываецца – гэта тэатр, як і казаў сам Паліенка. Насамрэч, ужо ўсё вырашана. Проста гэта патрэбна «адгуляць» і паказаць, што, нібыта, усё справядліва і разглядаецца ўсебакова», – кажа актывістка анархісцкага руху Марына Касінерава.

Падчас першага дня суда, Зміцер Паліенка паспрабаваў парэзаць вены на знак пратэсту супраць спробы правесці суд у закрытым рэжыме. У выніку суддзя распарадзіўся правесці адкрыты працэс, а пракурор адмовіўся выстаўляць абвінавачанне ў поўным аб’ёме і скасаваў адразу тры артыкулы крымінальнага кодэксу аб варожасці і абразу міліцыянтаў. Яго ж самога змясцілі ў штрафны ізалятар і ўзмацнілі ціск, пра што актывіст заявіў падчас працэсу, але суддзя на гэта не звярнуў увагі.

«Варта запомніць той факт, пра які кажа Зміцер, аб прымяненні да яго забароненага абыходжання – гэта можа шмат што патлумачыць. І гэтаму суд мусіў бы даць адпаведную ацэнку», – сказаў юрыст праваабарончага цэнтру Вясна Павел Сапелка.

Змітра Паліенку судзяць за злоснае хуліганства. Яго затрымалі 20 сакавіка за тое, што ён у пад’ездзе распыліў газавы балончык у твар мужчыне. Сам Паліенка, а таксама ягоныя сябры і паплечнікі кажуць, што ён зрабіў гэта ў мэтах самаабароны. Маладзёны перакананыя, што справа сфабрыкаваная з мэтай ізаляваць палітычнага актывіста, а таксама запалохаць ягоных паплечнікаў-анархістаў.

«Пасля ягонага жэсту, які дазволіў яму адкрыта выказаць сваю пазіцыю, наколькі гэтая справа абсурдная і несправядлівая, сталася вынікам таго, што ў яго быў ператрус у камеры, яго змясцілі ў ШІЗА», – паведаміў актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў.

Насупраць будынку суду актывісты грамадзянскай кампаніі Еўрапейская Беларусь зладзілі пікет, каб пра суд над актывістам даведалася як мага больш людзей.

«Мы тут для таго, каб не толькі ў судзе ведалі, што ў краіне штосьці не так, але каб гэта бачылі і чулі іншыя грамадзяне», – заявіў актывіст Еўрапейскай Беларусі Міксім Вінярскі.

Судовы вырак Змітру Паліенку абвесцяць у пятніцу.

Галіна Абакунчык belsat.eu