Справа лекараў. Толькі 6 год калоніі для намесніка міністра


Паводле мінімальных тэрмінаў – сёння была пастаўлена кропка ў судовым працэсе над намеснікам міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага і кіраўніка Стаматалагічнай сталічнай клінікі Сяргея Краўчонка. Яны атрымалі 6 і 5 год калоніі ўзмоцнена рэжыму адпаведна. Тэрміны не малыя, але наш карэспандэнт Алесь Залеўскі лічыць, што маглі быць і большыя. Напрыклад, столькі ж 2 гады таму атрымалі лекары толькі за фіктыўныя «бальнічныя».

Сёння паседжанне было з большага фармальным – у карупцыйных справах суддзя рэдка пярэчыць патрабаванням пракурора. Так і атрымалася, абвінавачаныя ў хабарніцтве атрымалі менш за палову ад тэрмінаў, які прадугледжвае артыкул.

Яшчэ на мінулым паседжанні пракурор раптам адмовіўся ад абвінавачвання стаматолагу Краўчонку ў перавышэнні ўлады. Яму толькі налічылі больш за 25 тысяч долараў хабару за закупку абсталявання для клінікі. Ён супрацоўнічаў са следствам, на час працэсу быў пад падпіскай і яму дазволілі працаваць стаматолагам. Сёння адразу пасля прысуду быў узяты пад варту. Цягам наступных 5 год на аднаго высокага медычнага спецыяліста ў беларускіх калоніях будзе больш.

Пашкадавала феміда, як на беларускую практыку, і Ігара Ласіцкага, якога на працу ў Менск запрашаў набліжаны да сям’і Лукашэнкаў Васіль Жарко. Ласіцкі больш за 5 год быў намеснікам міністра, значыўся ў прэзідэнцкім кадравым рэестры, аднак на працэсе ўзгадваўся толькі як «прадстаўнік улады». Следства даказала ў яго каля 30 тысячаў долараў хабару з перавышэннем паўнамоцтваў.

6 год – гэта мінімальны тэрмін паводле адпаведных артыкулаў. Віктар Федаровіч, следчы журналіст, «Белгазета»:

«Некалькі год таму звычайных лекараў саджалі на 4-6 год за выпісаныя бальнічныя за 10-20 долараў. То бок на колькі гэта супастаўляльна? Шараговы лекар, які сабе хоць трошку на жыццё, і намеснік міністра? Таму такое ўражанне пакінула гэтая справа…»

Наперадзе ў так званай «справе лекараў» працэсы над больш дробнымі чыноўнікамі, але ў іх абвінавачваннях фігуруюць у разы большыя хабары за сённяшніх фігурантаў.

Больш за 60 затрыманых лекараў і чыноўнікаў па ўсёй краіне, шырокая прапаганда антыкарупцыйных працэсаў на дзяржаўных тэлеканалах. Але пакуль пацвярджаецца падыход, што «сваіх» улада больш шкадуе. Чым тых жа бізнесоўцаў ці шараговых службоўцаў, якіх ловяць на хабарніцтве.

Алесь Залеўскі, belsat.eu