Аб'ектыў 08.10.2018 Справа Коржыча. «Чалавек, які вырашыў здзейсніць самазабойства, можа звязаць сабе рукі, але не ногі»


Асноўнае пытанне справы максімальна цынічнае: ці варта самазабойцу звязваць сабе ногі і нацягваць на галаву майку перад апошнім сваім чынам. Ад адказу на яго залежыць не толькі лёс некалькіх чалавек, але і імідж беларукага войска.

У якасці эксперта суд запрасіў кіраўніка кафедры судовай медыцыны Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту, прафесара Алега Чучко. Паводле яго, чалавек, які вырашыў здзейсніць самазабойства, можа звязаць сабе рукі ў якасці пэўнай падстрахоўкі – каб не было магчымасці перадумаць і ў апошні момант сарваць пятлю. Ігар Ільяш, журналіст «Белсату»:

«Але калі чалавек не звязвае рукі, а звязвае толькі ногі, – такога выпадку ён за 55 гадоў сваёй практыкі не сустракаў. І ў спецыялізаванай літаратуры таксама не сустракаўся з такімі выпадкамі».

Калі ж летась у кастрычніку ў вайсковай частцы Печы салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным, у яго звязаныя былі менавіта толькі ногі. Таксама на галаву была нацягнутая майка. Не надта тыповы сцэнар для самазабойцы. Вялікім пытаннем застаецца і той факт, што згодна з афіцыйнай інфармацыяй Коржыч правісеў у пятлі практычна тыдзень – ягонага знікнення немагчыма было не заўважыць. Маці Аляксандра версія самагубства не падаецца пераканаўчай.

Святлана Коржыч, маці Аляксандра Коржыча:

«Ніяк ніколькі не веру, таму што апошняя яго размова была: «Мама, я хачу адслужыць, каб усё гэтае скончылася, і спаць спакойна. Я хачу аддаць доўг радзіме і сваёй сям’і».

Не схільным да самагубства лічыўся і жаўнер Сяргей Ясюкевіч, цела якога знайшлі месяц таму на Гарадзеншчыне. Паводле афіцыйнае версіі, ён пакінуў вайсковую частку і наклаў на сябе рукі з асабістых прычынаў. Родныя таксама не вераць у гэтакі варыянт развіцця падзеяў, як і ў справе Коржыча.

Ігар Ільяш, журналіст «Белсату»:

«Забойства – гэта ўсё ж больш цяжкое злачынства. І яно ставіць пад пытанне легітымнасць усёй армейскай сістэмы. Таму ўлады былі б больш зацікаўленыя менавіта ў версіі самагубства. Але, падкрэслю, мы не разумеем да канца, што гэта было».

Згодна з маці загінулага жаўнера Святланай Коржыч, за магчымасць пайсці ў звальненне на тры дні лейтэнант Андрэй Сукавенка патрабаваў у яе сына айфон. Цяпер Сукавенкам і прапаршчыкам Артурам Вірбалам займаецца суд, а сярод пацярпелых ад іхных дзеянняў – сяржанты Яўген Бараноўскі, Ягор Скуратовіч і Антон Вяжэвіч, дзеянні якіх, паводле следства, і прывялі да смерці Аляксандра Коржыча. Сапраўды – злачынны ланцуг.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Гэта мы будзем выпальваць гарачым жалезам. Я і міністру абароны, і ўсім сказаў, што не дай Бог падобныя будуць выпадкі».

Але, як відаць, жалеза не надта гарачае. Святлана Коржыч, маці Аляксандра Коржыча:

«Паглядзіце самі. Начальнік навучальнага цэнтру – палкоўнік Чарнецкі, на ягоным сумленні чатыры трупы за год. І ён ідзе на павышэнне – начальнікам упраўлення Міністэрства абароны. І чалавек без згрызотаў сумлення застаецца ля ўлады».

Як на месцы, напрыклад, і Андрэй Раўкоў, адстаўкі якога з пасады міністра абароны грамадскасць патрабавала ўжо неаднаразова.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары