Справа БелТА. Пракурор просіць штраф


1000 базавых велічынь ці больш за 25 тысяч рублёў штрафу запрасіла абвінавачванне для галоўнай рэдактаркі Tut.by Марыны Золатавай за «бяздзеянне службовай асобы». Праз тыдзень суд вынесе вырак і такім чынам паставіць кропку ў так званай «справе БелТА».

Апраўданне, штрафу ці адхіленне рэдактаркі ад пасады? Які б вырак не агучыў суддзя, працэс над Золатавай запомніцца як атака дзяржавы на Tut.by. А таму справа прынесла страты для ўсіх бакоў.

Фактычна, справа Золатавай будавалася на матэрыялах праслухоўвання журналістаў без адпаведнай справы. Санкцыю выдаў генеральны пракурор, але без абгрунтавання. На судзе прагучала і пра ціск следчых на фігурантаў – праваахоўнікі не хавалі, што асноўнай мэтай справы была Марына Золатава.

Барыс Гарэцкі, Беларуская асацыяцыя журналістаў:

«Канечне, пэўны ўплыў будзе аказваць на журналістаў тое, што мы яшчэ раз пабачылі: за журналістамі сочаць, праслухоўваюць, і пры любой магчымасці зачапіцца ці завесці справу – гэта будзе зроблена».

Грамадзянскія пазоўнікі з боку БелТА прызналі, што паролі доступу да падпіскі не ахоўваліся належным чынам. Не змаглі патлумачыць, якую шкоду арганізацыі нанесла персанальна Золатава. Але запатрабавалі ад рэдактаркі 6 тысяч рублёў, у якасці кампенсацыі за судовыя выдаткі. Сама Марына Золатава, падсудная ў «справе БелТА», кажа:

«Пракурор запатрабаваў досыць вялікі штраф, але не было іншых патрабаванняў. Таму нейкую палёгку прынёс. Але ў цэлым, я скажу што лёгка – калі гэты працэс будзе закончаны зусім».

А на судзе даведаліся, што паролі доступу да платнай стужкі БелТА без адпаведнай дамовы мелі шматлікія рэдакцыі Менску. Золатава забараніла сваім падначаленым выкарыстанне гэтых пароляў. Замест яе на лаве маюць быць кіраўнікі дзяржаўных медыяў, якія дапусцілі бескантрольнае выкарыстанне пароляў іх арганізацыі – заявіла абарона рэдактаркі сёння.

Іміджавыя страты Следчага камітэту, рэпутацыйныя – у БелТА, фінансавыя – у Tut.by. На чарзе суд. Пабачым, ці ягоны вырак стане спробай адбяліць ранейшую хаду справы.

Алесь Залеўскі, belsat.eu