Справа «Белага легіёну развалілася? За кратамі засталіся двое


З СІЗА на Валадарцы вызвалілі Андрэя Комлік-Ямаціна, Дзмітрыя Новіка, Андрэя Дундукова, Аляксея Абрамава і Івана Кавальчука.

З учора на свабодзе Уладзімір Румянцаў, Цімур Пашкевіч, Алесь Яўдаха, Віктар Данілаў. Каля Следчага ізалятару № 1 у Менску іх сустракалі сваякі і сябры. Для некаторых фігурантаў справы «Белага легіёну» як зняволенне, гэтак і вызваленне зрабіліся поўнаю нечаканасцю.

«Тут мяне выклікалі з паперамі. Я падумаў, што адбудзецца допыт у такі позні час. Але атрымаў станоўчую навіну», – узгадвае фігурант справы Уладзімір Фёдараў.

Пакуль пра поўнае вызваленне казаць рана

Большасць вызваленых застаюцца пад падпіскаю аб нявыездзе. Яны надалей праходзяць у крымінальнай справе аб «стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання». Паводле артыкулу № 287 ім пагражае да сямі гадоў зняволення. Фігуранты справы ад пачатку лічаць яе абсурдам.

«Я хацеў бы паглядзець у вочы гэтаму чалавеку, які запрапанаваў гэтую справу аб незаконным узброеным фармаванні. Я хацеў бы з ім паразмаўляць», – зазначыў на свабодзе Уладзімір Румянцаў.

У аўторак улады працягнулі выпускаць палітвязняў

Таксама пад падпіску аб нявыездзе са следчага ізалятару выйшлі Сяргей Стрыбульскі, Аляксандр Зімніцкі ды Уладзімір Фёдараў. Чарговыя вызваленні могуць сведчаць пра тое, што справа развалілася.

Затрыманні ў справе «Белага легіёну» пачаліся ў другой палове сакавіка. За краты трапілі больш за трыццаць асобаў. Большасць з іх дэкларуе патрыятычныя каштоўнасці. На думку экспертаў, крымінальныя справы аб «рыхтаванні масавых закалотаў» і «стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання» былі рэакцыяй уладаў на масавыя пратэсты супраць падатку для гэтак званых дармаедаў і агульнай эканамічнай сітуацыі ў краіне.

Пакуль невядома, ці прыпыняць канчаткова «Справу патрыётаў»

Сваякі і паплечнікі фігурантаў справы спадзяюцца і вераць, што хутка ўсе затрыманыя выйдуць на волю. Пакуль за кратамі ў «Справе патрыётаў» застаюцца дзве асобы. У няволі яны правялі больш за тры месяцы.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Эдуард Пальчыс