Справа «Белага легіёну»: чаму ўлады даюць заднюю?


Больш за два дзясяткі арыштаваных, арсеналы зброі ды выбуховак. Гэтак дзяржаўныя медыі пачыналі справу «Белага Легіёну» ў другой палове сакавіка. Пасля падобных сюжэтаў з вялікаю імавернасцю можна было чакаць гучных судовых працэсаў і новых тэрмінаў зняволення. Аднак гісторыя патрыётаў атрымала нечаканы паварот. Крымінальныя справы, заведзеныя паводле артыкулу «Рыхтаванне да ўдзелу ў масавых закалотах», пачалі адну за адною спыняць.

«Як па-ідыёцку гэтую справу пачалі (выбітымі дзвярыма і вокнамі), гэтак яе і спыняюць за адсутнасцю складу злачынства», – падсумоўвае вынікі следства Зміцер Дашкевіч, ужо былы фігурант справы.

Паводле такой фармулёўкі спынілі крымінальны пераслед супраць сябраў «Маладога Фронту» Змітра Дашкевіча і Сяргея Пальчэўскага.

Сёння паведамленне з КДБ атрымаў і актывіст Раман Васільеў

«Я мяркую, што хваля вулічных пратэстаў вясной 2017-га года выклікала істэрыю вышэйшага кіраўніцтва краіны і фальсіфікацыяй вось гэтай справы. Трэба было знайсці казлоў адпушчэння, а таксама прадэманстраваць патрыётам, якія гатовыя выходзіць на вуліцы, што з імі будзе», – упэўнены Дашкевіч.

Справа «Белага Легіёну» ў ахопленай эканамічным крызісам і пратэстамі супраць «дармаедаўскага ўказу» Беларусі стала самаю гучнаю пасля падзеяў Плошчы 2010-га года. Кіраўніцтва ў сакавіку афіцыйна заявіла пра выкрыццё ў нашай краіне сеткі баевікоў, якія з дапамогаю замежнікаў рыхтавалі закалоты.

«Мы затрымалі некалькі дзясяткаў асобаў. Гэта не тыя, якіх у аўтобусе затрымалі, анархістаў у масках. Яны са зброяй трэнаваліся. Трэнаваліся ў лагерах у нас. Адзін з лагераў быў пад Асіповічамі, іншыя лагеры былі ва Украіне. Па-мойму, яшчэ ў Літве і Польшчы», – распавядаў усім Аляксандр Лукашэнка тры месяцы таму.

Чаму цяпер улады зрабілі чарговы крок назад?

«Справа патрыётаў ад пачатку была шытая белымі ніткамі. Яе прызначэнне на самым версе было для гандлю з Еўропай. Цяпер гэты гандаль спатрэбіўся, некага выпусцілі», – мяркуе метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Сярод фігурантаў «справы патрыётаў» зусім не баевікі, а прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, прыхільнікі беларускай нацыянальнай ідэі.

Ці справу «Белага легіёну» канчаткова спыняць?

Паводле апошніх звестак, за кратамі паводле справы гэтак званых баевікоў застаюцца чатырнаццаць асобаў. Як цвердзяць праваабаронцы, некаторых з іх, імаверна, катуюць. У траўні кіраўнік цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі звярнуўся да генеральнага пракурора з просьбаю зыніцыяваць адмысловае правяранне. У адказ праваабаронца атрымаў адмову. Маўляў, наконт здзекаў з фігурантаў справы няма фактаў.

Ян Бабіцкі, «Белсат»