Справа атручанага Скрыпаля: Імперыя наносіць зваротны ўдар


Была акцыя – ёсць рэакцыя. Дыпламатычная вайна паміж Захадам і Расеяй толькі набірае пылу. У адказ на атручванне хімічнаю зброяй былога афіцэра ГРУ і ягонай дачкі ў Вялікай Брытаніі распачалася масавая і беспрэцэдэнтная высылка расейскіх дыпламатаў. Масква, ужо афіцыйна, адказвае тым самым.

Расейскае МЗС думала-думала – і прыдумала

Для заходніх краінаў будуць люстраныя, але не толькі, захады.

«Яны ўключаюць высылку аналагічнае лічбы дыпламатаў, і яны ўключаюць нашае рашэнне адазваць згоду на функцыянаванне генеральнага консульства Злучаных Штатаў у Санкт-Пецярбурзе», – заявіў міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў.

Вышлюць адпаведную колькасць дыпламатаў таксама з шэрагу еўрапейскіх краінаў, Канады ды Аўстраліі. Закрануць усіх, хто быў салідарны з Вялікаю Брытаніяй. Хоць Крэмль падкрэслівае…

«Прэзідэнт Пуцін быў і застаецца прыхільнікам наладжвання развіцця добрых адносінаў з усімі краінамі, улучаючы ЗША. Расея ніколі не была ініцыятарам санкцыйных абменаў па высылцы дыпламатаў і гэтак далей», – зазначыў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў.

Але сёння дзверы ў расейскае МЗС не закрываліся

На дыван выклікалі амбасадараў тых краінаў, з якімі зводзяць рахункі.

«Важна памятаць, з чаго гэты крызіс пачаўся. А перадусім гэта выкарыстанне хімічнае зброі на вуліцах Аб’яднанага Каралеўства, што пагражала жыццю людзей у маёй краіне. Мы паставілі пытанні перад Расеяй, але да гэтае пары не атрымалі адэкватных адказаў»,– тлумачыць Лоры Брыстаў, амбасадар Вялікай Брытаніі ў Масве.

А пачалося ўсё з атручвання ў брытанскім Солсбэры 4 сакавіка былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонае дачкі. Юлія, як кажуць брытанскія лекары, ужо прыйшла ў сябе, ідзе на папраўку ды нават пачала размаўляць. Бацька пакуль непрытомны. Афіцыйны Лондан адразу ж заявіў пра выкарыстанне хімічнае зброі тыпу «навічок», доступ да якой мела толькі Расея.

«Самое расследаванне да гэтае пары не скончанае. Як вы ведаеце, што яшчэ будуць патрэбныя месяцы. А вердыкт ужо вынесены. І гэта сумна, бо такога глумлення над міжнародным правам мы вельмі даўно не бачылі», – выказаўся Сяргей Лаўроў.

Гэта ж кажуць на Захадзе

Выкарыстанне хімічнае зброі забароненае адмысловымі пагадненнямі, якія падпісвала і Расея. Высылка расейскіх дыпламатаў пачалася на знак салідарнасці з Вялікаю Брытаніяй. Лічбы атрымаліся беспрэцэдэнтныя. Бо больш за сто.

Расея даказвае ўсяму дэмакратычнаму свету, што яна не вінаватая. На 2 красавіка склікаецца пазачарговая сесія рады Арганізацыі ў забароне хімічнае зброі, дзе могуць зʼявіцца новыя падрабязнасці.

Сяргей Падсасонны, «Белсат», фота: Maxim Shemetov/ Reuters