Спрабуюць адклікаць больш за 100 дэпутатаў. Ці гэта рэальна?


За адзін дзень пад заяваю пра адкліканне дэпутата палаты прадстаўнікоў Алега Гайдукевіча падпісалася амаль 700 асобаў. Дастаткова паўтары сотні. 2 верасня ад Менскага гарадскога савету прыйшла адмова ў правядзенні сходу для адклікання народнага абранніка. Маўляў, довады пра невыкананне дэпутатам абавязкаў няслушныя.

«Ён быў даверанай асобай Лукашэнкі, то бок гэта ўжо ў вачах выбарцаў такая выява… Якія інтарэсы нашыя ён будзе бараніць? Ён будзе бараніць інтарэсы спадара Лукашэнкі, але ніяк не беларускага народу», – лічыць сябра ініцыятыўнай групы ў адкліканні Алега Гайдукевіча Любоў Кавальчук.

Жыхары Каліноўскай акругі № 108 накіравалі ў суд абскарджанне пастановы Савету дэпутатаў.

«У іх загатаваныя шаблоны на ўсе нашыя звароты. Мы атрымліваем адпіскі, але мы ўсё роўна будзем пісаць – хай яны думаюць, хай яны бачаць. Магчыма, нешта ў іх галовах і памяняецца», – думае Любоў Кавальчук.

Паралельна з ініцыятывай адклікання жыхары Каліноўскай акругі сабралі больш за 500 подпісаў, каб сустрэцца з Алегам Гайдукевічам, які мусіць даць справаздачу выкананай падчас дэпутацтва працы.

«Накіравалі патрабаванні наконт справаздачы ў форме сустрэчы. Нам не патрэбныя пустыя адпіскі, нам патрэбная сустрэча. Пры тым, што Гайдукевіч умее камунікаваць з публікай», – распавядае сябра ініцыятыўнай групы ў арганізацыі сустрэчы з Алегам Гайдукевічам Андрэй Дашкевіч.

Андрэй Дашкевіч патрапіў на прыём да дэпутата 2 верасня, дзе Алег Гайдукевіч паведаміў, што працэдуры адкліканняў не баіцца:

«Я не баюся ніякіх выбараў новых у парламент. Я на іх пайду, калі яны некалі будуць. Адкліканняў… Нічога не баюся. Я гатовы браць удзел, упэўнены, што людзі мяне падтрымаюць, але колькі б я тут ні быў дэпутатам, я буду ўсё роўна слухаць і размаўляць з тымі, хто мяне не падтрымлівае».

На сёння паўстала больш за сотню ініцыятываў для адклікання як дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, гэтак і мясцовых саветаў. Два тыдні таму супольнасць «Сумленныя людзі» запусціла праект #ВыНасДажеНеПредставляете, заклікала ды тлумачыла, як пачаць гэтую працэдуру. Праўда, пакуль ні адна справа не дайшла нават да правядзення сходу для адклікання дэпутата.

«Мы бачым, што нават на першай стадыі, на першай прыступцы гэтым ініцыятывам ходу ўлады не даюць. Скажам так, выйграць на выбарах ці правесці, ініцыяваць рэферэндум у беларускіх умовах значна больш рэалістычна, чымся рэалізаваць кампанію ў адкліканні дэпутата», – лічыць палітолаг Юрый Чавусаў.

Наш эксперт лічыць, што галоўны пазітыўны вынік паўсталых ініцыятываў – грамадскае яднанне. Але таксама – да пэўнае ступені. Гэтак, далёка не ўсе жыхары акругі, дзе намагаюцца адклікаць Алега Гайдукевіча, падтрымліваюць гэты працэс.

«Я ў нейтралітэце. Я папросту хачу, каб гэта ўсё як найхутчэй скончылася».

«Я гэтага не ведаю, я папросту гляджу тэлевізар, і я толькі хвалююся за тое, каб у нас не было, як ва Украіне».

«Я падтрымліваю, цалкам падтрымліваю. Я б таксама далучыўся да гэтай ініцыятыўнай групы».

Мы намагаліся звязацца з кіраўніцтвам палаты прадстаўнікоў парламенту і старшынём Менскага гарадскога савету Андрэем Бугровым, каб даведацца іхныя меркаванні наконт ініцыятываў у адкліканні дэпутатаў, але тыя ці былі на нарадзе, ці не на працоўным месцы.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»