Спорт застаецца па-за палітыкай?


У беларускім спорце цяжкія часы: лепшых спартоўцаў краіны звальняюць, не дапускаюць да ўдзелу ў спаборніцтвах і садзяць на содні. А ўсё з-за іх палітычнай пазіцыі супраць гвалту і рэпрэсіяў.

Нападніка маскоўскага ЦСКА Іллю Шкурына выключылі са складу моладзевай і нацыянальнай сборнай Беларусі па футболе на наступны год, а таксама пазбавілі ільготаў па адтэрміноўцы ад войска. Раней футбаліст заявіў, што адмаўляецца выступаць за зборныя, пакуль Лукашэнка застаецца пры ўладзе. Тым часам беларускія спартоўцы, якія пацярпелі ад рэпрэсій, патрабуюць не праводзіць матчы чэмпіянату свету па хакеі-2021 у Менску.

Правядзенне чэмпіянату свету па хакеі 2021 года ў Беларусі немагчымае – заявіла падчас прэс-канферэнцыі старшыня фонду спартовай салідарнасці, трохразовая алімпійская чэмпіёнка Аляксандра Герасіменя.

«Адным з пунктаў Міжнароднага алімпійскага камітэту была рэкамендацыя выключыць беларускі НАК з усіх абмеркаванняў з нагоды правядзення спартовых мерапрыемстваў пад эгідай Міжнароднага алімпійскага камітэту. Таму пазіцыя Міжнароднай хакейнай федэрацыі, у прыватнасці, Фазэля, які працягвае перамовы з беларускім бокам, выклікае шчырае здзіўленне», – адзначыла Аляксандра Герасіменя.

Чэмпіянат па хакеі – любімым відзе спорту Аляксандра Лукашэнкі – мае адбыцца ў траўні наступнага года ў Беларусі ды Латвіі. Канчатковага рашэння, ці праводзіць турнір у Менску ў сувязі з палітычнай сітуацыяй у нашай краіне, Міжнародная федэрацыя хакею яшчэ не прыняла.

«Ёсць стрымвальны фактар – Рэнэ Фазэль, паклоннік Пуціна, паклоннік палітыкі, якую праводзіць Расея. І ён усякімі спосабамі спрабуе гэтую сітуацыю вырашыць на карысць таго, каб не сварыцца з беларусамі і беларускім кіраўніцтвам, з якім ён таксама ў добрых стасунках», – кажа журналіст газеты «Прессбол» Сяргей Южык.

У сваю чаргу беларуская баскетбалістка, сябра Свабоднага аб’яднання спартоўцаў Алена Леўчанка, якая адбыла 15 содняў арышту і атрымала буйны штраф за ўдзел у мірных акцыях, напісала Рэнэ Фазэлю ліст:

«Ад вашага рашэння будзе залежаць зусім не тое, ці адбудуцца запланаваныя матчы ў Менску. Зыходзячы з гэтага рашэння стане відавочным, ці падтрымлівае хакейны свет у вашым абліччы гвалт і генацыд. Чэмпіянат свету па хакеі – гэта свята. Але як можна святкаваць, калі беларусы крычаць ад болю?»

Ці варта праводзіць чэмпіянат у горадзе, на вуліцах якога збіваюць мірных дэманстрантаў, мы спыталіся ў менчукоў. Адказы – амаль аднолькавыя:

«Я ўвогуле не ўяўляю, як магчыма яго правесці ў цяперашняй сітуацыі. Немагчыма запэўніць бяспеку ні гасцям, ні нам».

«Калі будзе змена ўлады, то яго трэба праводзіць. З цяперашняй уладай яго не трэба праводзіць, таму што гэта папаўняецца бюджэт прэзідэнта».

«Я супраць падтрымкі існага рэжыму, таму хацелася б, каб чэмпіянату свету не праводзіўся ў такіх умовах».

«Мы можам па тэлевізары паглядзець, калі дзе ў іншай краіне будуць праводзіць».

На пачатку верасня ўрад Латвіі напісаў ліст Міжнароднай федэрацыі хакею з просьбаю забраць у Беларусі яе частку чэмпіянату і перадаць іншай краіне. У адваротным выпадку Рыга можа адмовіцца ад правядзення турніру.

Анастасія Русецкая, «Белсат»