Спісы адрасоў са сцягамі ды ператрусы


«Хтосьці з суседзяў пабачыў у нас на гаўбцы бялізну. Вось акурат нядаўна мы знялі. Сушыліся тышорткі. Відаць, у нейкім яны спалучэнні склаліся», – узгадвае Іван Яршоў з Магілёва, да якога прыехала міліцыя.

У кватэры зладзілі ператрус і забралі два ноўтбукі без дакументацыйнага абгрунтавання. Тышортак не канфіскавалі. Івану не растлумачылі, праз што распачалі адміністратыўны працэс. У панядзелак мужчына мусіць прыйсці ў аддзяленне.

«Тут ідзе нейкая творчасць людзей, якія не павінны займацца творчасцю. Яны павінны займацца літараю закону, хоць бы літараю закону. Самае страшнае, што ты не ведаеш, дзе ты аступішся і што ты ў наступны раз натворыш, таму што гэтая творчасць ідзе літаральна на хаду», – абураецца Іван.

Творчыя змены адбыліся і ў выданні «Народная Газета». Словы «Жыве Беларусь!» друкаваліся над назваю газеты больш за 30 гадоў. Учора чытачы заўважылі, што надпіс змяніўся на словы з дзяржаўнага гімну «Жыві і квітней, Беларусь!»

«Тым самым завершана знявечванне, руйнаванне «Народнай газеты». Увогуле на сёння дый ужо даўно ад той «Народнай газеты», што выйшла ў 1990-м годзе, не засталося нічога. Ані ў тэкстах, ані ў афармленні, ані ў змесце матэрыялаў, ані ў тым напале», – лічыць былы галоўны рэдактар «Народнай газеты» Мікалай Галко.

Між іншага, пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец у сваім «Фэйсбуку» падзялілася наступнаю сітуацыяй: дзеці вярнуліся з крамы без чырвонага кардону, бо яго не было ў наборах. Ганна мае інфармацыю, што гэткую з’яву заўважылі яшчэ месяц таму.

Да таго ж у сацыяльных сетках з’явіўся спіс адрасоў, дзе заўважылі нацыянальную сімволіку ці «рэчы паводле БЧБ-схемы». У ім амаль 30 пазіцыяў.

Хуткая рэакцыя была і на фуру, у якой тэатр «Квартет И» перавозіў дэкарацыі. Яна была пафарбаваная ў бел-чырвона-белыя колеры. Артысты на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» распавялі, што не фарбавалі транспарту адмыслова. Выявілася, што фуру набывалі ў Аўстрыі, якая мае тыя самыя колеры ў сваім сцягу.

«Цяпер з бел-чырвона-белымі сцягамі выходзіць у першую чаргу народ Беларусі. Усё бел-чырвона-белае цяпер забароненае – яго зрываюць, здымаюць, топчуць, замалёўваюць. І тут прыязджае нашая фура. Не, яе вельмі хутка перапаркавалі з вуліцы ў лёх», – напісалі артысты.

Чаму ж улады гэтак баяцца спалучэння белага з чырвоным? Адказалі жыхары Менску:

«Не ведаюць нашае гісторыі таму што. Ну, і трымаюць уладу».

«Ён прымаў прысягу, калі ўпершыню рабіўся прэзідэнтам, пад бел-чырвона-белым сцягам. Вось і ўсё. Чаму ён тады не крычаў, што гэта фашысцкі сцяг, – я не ведаю».

«Гэта называецца старэчы маразм».

Тым часам беларусы выдумляюць усё новыя спосабы завуаляваць або інтэрпрэтаваць нацыянальныя колеры. Онлайн-музей з бел-чырвона-белымі сцягамі раёнаў, рэгіёнаў, гарадоў і дыяспараў сабраў ужо 650 адзінак.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева («Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!