Спецтэхніка, сякеры ды штрафы супраць нацыянальнай сімволікі


Улады Беларусі працягваюць змагаюцца з нацыянальнай бел-чырвона-белай сімволікай і пагоняй. Толькі за апошнія месяцы камунальнікі, сілавікі і шматлікія службы спрабавалі розныя спосабы барацьбы, нават выкалочвалі сцяг сякерай з лёду, аднак пакуль марна і безвынікова.

Старшыня магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў ідзе ў Магілёўскі гарвыканкам, каб падаць заяўку на правядзенне масавага мерапрыемства. 26 снежня актывіст плануе вывесіць на сваім балконе бел-чырвона-белы сцяг.

«Адзін вялікі міліцыйны начальнік у прыступе адчаю заявіў аб тым, што вывешванне сцягоў бел-чырвона-белых на балконах – гэта, па яго словах, прыроўненае да незаконных пікетаў. Таму будзем дзейнічаць па законе», – кажа палітык.

Афіцыйныя ўлады даўно змагаліся з бел-чырвона-белай сімволікай. Барацьба абвастрылася, калі пасля выбараў беларускі пратэст набыў адпаведныя колеры. Каб пазбавіцца ад нацыянальнай сімволікі ў дварах і на балконах, спачатку ўлады выкарыстоўвалі спецтэхніку, месцамі ўжывалі вуды, лодкі.

У верасні пачалася барацьба з бел-чырвона-белымі стужкамі. А ў лістападзе ахвярамі зацятай барацьбы сталі лаўкі, эйфелева вежа і нават дрэва ў Дзяржынскім раёне. Камунальнікі спілавалі яго за сцяг і мемарыял Раману Бандарэнку. А гэта ўжо мемарыял паўстанцам Каліноўскага каля вёскі Крывошын Ляхавіцкага раёну. Яго апаганілі праз бел-чырвона-белую сімволіку.

Ураджэнец вёскі Крывошын Віталь Гаршынёў распавядае аб здарэнні: «Дрэва, на якім была намаляваная бел-чырвона-белая сімволіка, жорстка сякерамі паабсякалі кару, замазалі чорнай бітумнай фарбай, і помнік, дзе напісана «Вечная слава барацьбітам за свабоду», – яго таксама залілі чорнай бітумнай фарбай».

Апошнім часам бел-чырвона-белую сімволіку пачалі высякаць нават у лёдзе. А нядаўна ўлада папярэдзіла: за сцягі на балконах грамадзянаў будуць не толькі штрафаваць, але і арыштоўваць нібыта за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Магілёўскі актывіст Уладзімір Шанцаў упэўнены: выканкам не дасць дазволу на вывешванне сцяга. «За апошнія некалькі месяцаў Беларусь канчаткова стала бел-чырвона-белаю. Таму яны шавеляцца, знаходзяць нейкія спосабы, адчайна выкручваюцца, але гэта апошнія сутаргі, мне падаецца», – адзначыў Уладзімір Шанцаў.

Толькі ў Менску за вывешванне сцягоў скіравалі ў суды больш за 20 адміністратыўных пратаколаў.

Ігар Станкевіч belsat.eu