Спецслужбы «страляюць у нагу» эканоміцы


Заблакавалі рахункі і арыштавалі грошы дзясяткаў пацярпелых ад міліцэйскага гвалту і рэпрэсіяў. Пад удар трапілі сродкі, сабраныя фондамі салідарнасці «BY_Help» і «By_Sol». А сёння Следчы камітэт заявіў, што грошы забралі ў межах крымінальнай справы аб фінансаванні пратэстаў. Наступствы могуць быць вельмі цяжкімі для эканомікі Беларусі.

Агнястрэльныя раненні, паламаныя косткі, разрыўныя траўмы ад святлошумавых гранатаў, наступствы катаванняў. З такімі праблемамі грамадзяне Беларусі, пацярпелыя ад дзеянняў міліцыі і спецслужбаў на мірных акцыях пратэсту, звярталіся ў фонды салідарнасці «BY_Help» і «By_Sol».

Але цяпер сотні пацярпелых даведаліся, што іх рахункі заблакаваныя, або на рахунках няма ані заробку, ані дасланай гуманітарнай дапамогі. У некаторых баланс сышоў у мінус. Гэта частка рэпрэсіяў, і гэта незаконна, лічыць арт-дырэктар Беларускага свабоднага тэатру і судырэктар «Creative Politics Hub» Мікалай Халезін, які супрацоўнічае з фондамі «BY_Help» і «By_Sol».

«Гэта былі кампенсацыі за збіцці, пасадкі, штрафы і гэтак далей. І ўлады цудоўна ведаюць, што яны робяць і чаму. Бо ад КДБ пайшоў цыркуляр па банкаўскай сістэме, што гэта рахункі, якія належаць людзям, якім аказвае дапамогу«BY_Help» і «By_Sol», – падкрэслівае Халезін.

Як вынікае з пастановы палкоўніка юстыцыі Аляксандра Васілюка, санкцыяванай генпракурорам Андрэем Шведам, кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская нібыта заклікАла захапіць уладу ў Беларусі, а пасобнік Аляксей Лявончык, выконваючы загады Ціханоўскай, аказваў матэрыяльную дапамогу асобам, што ўдзельнічаюць у недазволеных масавых мерапрыемствах. Таму ў прыватных банках мусяць быць арыштаваныя ўсе сродкі, што трапілі ў Беларусь з брытанскага рахунку Аляксея Лявончыка – больш за 1,4 млн беларускіх рублёў.

«Гэта былі пераводы ад прыватнай асобы – мяне – да іншых людзей. Тое, што нават па беларускіх законах нельга назваць незаконным», – кажа прадстаўнік Фонду салідарнасці «BY_HELP» Аляксей Лявончык.

Цяпер Фонд «BY_HELP» шукае новыя спосабы дапамагчы пацярпелым. Адначасова дзеячы беларускай дыяспары пачынаюць кампанію, каб адключыць Беларусь ад міжнароднай банкаўскай сістэмы хуткіх плацяжоў SWIFT, за выкарыстанне банкаў, як рэпрэсіўнай сістэмы.

«Немагчымасць правядзенне міжнародных плацяжоў, безумоўна, спыняе вялікую колькасць эканамічных працэсаў, перадусім на міждзяржаўных узроўнях. І гэта адначасова ўдарыць і па кашальках сям’і Лукашэнкі, якія яны зарабляюць на абкраданні дзяржавы. Гэта фірмы-пракладкі, якія стаяць на шляху продажу прадукту або сыравіны спажывальніку», – тлумачыць Мікалай Халезін.

Інфармацыя пра адвольнае блакаванне рахункаў і арышт сродкаў выклікала масу трывожных паведамленняў у асяроддзі беларускіх інвестараў. Людзі не ўпэўненыя ў надзейнасці беларускіх банкаў. Адключэнне ад сістэмы SWIFT – нават гіпатэтычнае – узмацняе гэтую трывогу. Але дастаткова і іншага ўмяшання дзяржавы ў гаспадарку, якое робіць Беларусь неспрыяльнай для бізнесу. Аляксандр Лукашэнка загадаў увесці дзяржаўныя прафсаюзы на прыватных фірмах і пашырыць спіс сацыяльна важных тавараў, на якія будзе забаронена падвышаць кошты.

Гэта ўжо было пасля выбараў 2010-га года, калі замарозка коштаў на бензін і ежу – у пары з інфляцыяй і дэвальвацыяй – выклікала дэфіцыт.

Вось што думаюць пра намеры Лукашэнкі жыхары і госці Віцебску:

«Спыніць можа іх не спыніць, але кантраляваць будзе нармальна».

«Кошты будуць расці незалежна ад таго, хоча гэтага наш урад ці не. Эканоміка жыве сваім жыццём».

«У нас вечна пасля выбараў дэвальвацыі і падзенне рубля. Штучна ўтрымліваюць».

Беспадстаўнае ўмяшанне дзяржаўных органаў у фінансы фізічных асобаў і ў бізнес у выніку шкодзіць паступленням у бюджэт, кажуць адмыслоўцы.

«Беларускі бізнес распяты на крыжы 20 цвікамі, сёння гэта будзе 25 цвікоў, але гэта не мае значэння. Бо прыватнай уласнасці ў Беларусі няма, закону няма, разумення таго, што патрэбна для гаспадарчага развіцця, таксама няма», – мяркуе кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Адначасова вялікія сродкі з бюджэту ідуць на сілавы апарат, на прэміі міліцыі і спецсродкі. Пры гэтым адзіны прадукт, які ствараюць сілавікі – гэта траўмы грамадзянаў, заблакаваныя дарогі і новыя арышты.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».