Спектакль у Кіеве з беларускімі акторамі, актывісткай «Pussy Riot» і гуртам «Бумбокс»


Пра Алега Сянцова ды іншых творцаў-палітвязняў, якія пацярпелі ад расейскай сістэмы, ізноў гавораць у Кіеве. Аднак упершыню гэта робяць беларускія акторы ў кампаніі актывісткі «Pussy Riot» і ўкраінскага гурта «Бумбокс». Свабодны тэатр прывёз ва ўкраінскую сталіцу свой вядомы спектакль.

Ніколі не быў гэтак блізка да Беларусі, і вось. У кіеўскім тэатры Івана Франка сёння і заўтра ідзе «Burning Doors» – спектакль падпольнага Беларускага свабоднага тэатру. Гэта адная з трох найбуйнейшых тэатральных падзеяў 2017-га года паводле газеты «The New York Times».

У цэнтры сюжэту – тры гісторыі: расейскага мастака Пятра Паўленскага, актывісткі «Pussy Riot» Марыі Алёхінай і зняволенага на 20 гадоў украінскага кінарэжысёра Алега Сянцова. Алёхіну ў спектаклі грае яна сама, са знакамітасцяў тут яшчэ вакаліст гурта «Бумбокс» Андрэй Хлыўнюк, які напісаў песню для «Burning Doors». Гэта ўжо другая з ліку супраца гурта са Свабодным тэатрам.

«Гэта не проста спектакль, ён мае мэту – каб у свеце даведаліся праўду пра нашых з вамі людзей, закладнікаў Крамля. Я зразумеў, што не магу далей займацца толькі творчасцю, канцэртамі, прадзюсарскім бізнесам», – распавядае Андрэй Хлыўнюк, лідар гурта «Бумбокс».

«Burning Doors» упершыню паказалі два гады таму ў Вялікай Брытаніі, дзе сёння базуецца кіраўніцтва Свабоднага тэатру. З таго моманту спектакль – у сусветным туры, лёс мастакоў-вязняў бачылі між іншых гледачы з Італіі, Аўстраліі, ЗША. Аднак беларусы, якія хочуць паглядзець менавіта гэтую інсцэнізацыю, мусяць або ехаць за мяжу, або глядзець трансляцыю ў інтэрнэце.

«Калі мы вяшчалі гэты спектакль з Лондану, у нас быў прагляд з 22 краінаў. Калі няма магчымасці глядзець фізічна, мы вядзем жывы стрым», – кажа Наталля Каляда, дырэктарка Свабоднага тэатру.

Свабодны тэатр працягвае дзейнічаць і на тэрыторыі Беларусі, хаця па-ранейшаму – у андэграўндзе. Цяпер кіраўніцтва адзначае адносную палёгку: актораў тэатру не затрымлівалі з мінулага года.

«Мы граем спектаклі амаль штотыдзень. Цяпер у нас няма з гэтым асаблівых праблемаў, акрамя таго, што мы не можам арандаваць памяшкання, прадаваць білеты, мы вымушаныя граць у падполлі, гэтая сітуацыя ніяк не змяняецца», – гаворыць Мікалай Халезін, мастацкі кіраўнік Свабоднага тэатру.

Паралельна з паказамі «Burning Doors» праходзіць кампанія за вызваленне палітвязняў. Усе сабраныя з квіткоў сродкі абяцаюць перадаць іхным сем’ям.

Адэля Дубавец, belsat.eu