Спажыванне вады з-пад крану можа стацца прычынаю атручвання


Пракуратура Гарадзенскай воласці высветліла, што вада шэрагу водазаборных свідравінаў вобласці не адпавядае гігіенічным нарматывам. Толькі гарадскі камунальны водаправод забяспечыў спажыўцоў вадой пітной якасці.

Па чыстую ваду для ўсёй сям’і да крыніцаў не находзішся, а ўвесь час яе набываць – справа не танная. Таму адзіная крыніца пітной вады для бальшыні звычайных беларусаў – водаправод. І калі ўжо з ім узнікаюць праблемы – то справа дрэнь.

«Дрэнная вада ўвогуле. Іржавая, жоўтая вада».

«Я не назірала, але ў мяне фільтр, я фільтрую ваду».

«Смярдзючая, жалеза шмат, напэўна. Бо ванныя, ракавіны ўсе іржавыя».

«Вада не вельмі добрай якасці. Чула, што дрэнная вада. Чуваць непрыемны пах», – кажуць жыхары Капцёўкі, Гарадзенскі раён.

Паводле пракуратуры, у некаторых раёнах Гарадзенскай вобласці нормы мутнасці вады былі перавышаныя ў два разы. А ўзровень жалеза быў у шэсць разоў большы за норму.

«Нашая глеба такая, што ўтрымлівае шмат жалеза. І калі мы бяром з вялікай глыбіні ваду, а на вялікай глыбіні яны мае быць больш чыстая, тады ў ваду трапляюць злучэнні жалеза. Яны кепска ўплываюць на нашую сантэхніку. Адпаведна, вада іржавая, у яе непрыемны пах», – тлумачыць Наталля Парэчына, Цэнтр экалагічных рашэнняў.

Нашмат горш за жалеза – нітраты, наяўнасць якіх рэгулярна фіксуюць у Беларусі. Іх нельга заўважыць без дасканалага аналізу вады, нітратаў не чуваць і не відаць. Наталля Парэчына каментуе:

«Калі людзі, асабліва дзеці, п’юць ваду з нітратамі, то кроў перастае мець такую здольнасць, як пераносіць кісларод да органаў і тканак арганізму. І бываюць нават смяротныя выпадкі».

Чарговая праблема – занадта хлараваная вада. Не кожны сталічны раён можа піць ваду з-пад крану без дадатковай фільтрацыі. Бо фільтруюць яе, як у савецкі час, хлараваннем.

«Мы карыстаемся фільтрамі для вады. Таму што вада бывае з яскравым хлараваным пахам».

«Нам прыходзіцца набываць. А так вада ў нас вельмі дрэнная».

«Яна няўежная, вось і ўсё».

«Фільтрую, кіпячу. З-пад крана не п’ю», – распавядаюць жыхары Маскоўскага раёну Менску.

Сітуацыю можна палепшыць пераходам на ваду са свідравінаў, аднак улады сталіцы ўвесь час гэта адкладаюць. Цяпер жа чысцейшая вада ідзе… для прадпрыемстваў.

«Большасць прадпрыемстваў для сваіх мэтаў выкарыстоўваюць чыстую ваду са свідравінаў. Гэта не лагічна, гэта не правільна. Далей яны гэтую недастаткова ачышчаную ваду скідваюць у Свіслач – гэта таксама не лагічна і не правільна», – кажа Наталля Парэчына з Цэнтру экалагічных рашэнняў.

Здавалася б – у краіне больш за дваццаць тысяч рэк і азёраў, а беларусы ставяць фільтры на краны, ды купляюць бутыляваную ваду.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu