Спаралізаваныя людзі змогуць кіраваць аўтам


Будучыня ўжо побач. Кіраваць аўтам цяпер могуць людзі з паралічам. Пакуль што, праўда, толькі ў адмысловай відэагульні. Але навукоўцы ставяць сабе больш амбітныя мэты. Як, маючы паралізаванасць, аддаваць каманды камп’ютару?

Пасля перажытай катастрофы ў Самуэля Кунца паралізавала ўсе чатыры канцавіны. Але дзякуючы швейцарскім навукоўцам мужчына можа кіраваць машынай у адмысловай відэагульні, не ўжываючы клавіятуры, мышкі ці джойсціка:

«Я спрабую паварушыць рукою, пальцамі – у маёй галаве. Мне трэба добра сканцэнтравацца. Сувязі між маймі пальцамі і мазгамі больш няма».

Сувязі няма, але мазгі працуюць надалей. Гэтыя сігналы і адлоўлівае адмысловая шапка з падключанымі электродамі ды ўзмацняльнікам. Такім чынам, калі Самуэль хоча паварушыць правай рукой, машына ў гульні паварочвае ўправа, левай – улева.

«Сігнал мозгу – гэта вельмі і вельмі слабы сігнал, а актыўнасць цягліцаў – вельмі і вельмі моцны сігнал. Такім чынам, мы павінны пераканацца, што мы адфільтроўваем любую цяглічную актыўнасць і што мы адлоўліваем выключна сігналы мозгу», – гаворыць доктар Рэа Ленэр, нейранавуковец са Швейцарскае вышэйшае тэхнічнае школы Цюрыху.

Налета Самуэль возьме ўдзел у Кібатлоне – спаборніцтвах у відэагонцы сярод людзей з падобным тыпам інваліднасці. Гэта ўжо будзе другі чэмпіянат такога тыпу, першы меў месца ў 2016 у Цюрыху. Навукоўцы ж ставяць сабе за мэту развіць тэхналогію, каб спаралізаваныя сілаю думкі маглі кіраваць іншым абсталяваннем, напрыклад, інвалідным вазком.

Ніколь Вэндэрот, прафесар нейракантролю руху са Швейцарскае вышэйшае тэхнічнае школы Цюрыху кажа:

«Чэрап – вельмі добры ізалятар, і ён, несумненна, абараняе вашыя мазгі. Гэта добра. Але ён таксама абараняе сігналы вашых мазгоў ад нас, тых, хто хоча іх прачытаць. Тэхналогія наступнага пакалення знойдзе шлях, каб неяк абысці гэтую праблему».

Ужо 2 гады гэты шлях актыўна шукае стартап Ілана Маска «Нейралінк». 16 ліпеня вынаходнік прэзентаваў у Каліфорніі прататып інтэрфейсу, які злучыць чалавечыя мазгі з кампʼютарам праз адмысловыя драты, ужыўленыя пад чэрап.

«Мы спадзяемся, што пацыент-чалавек атрымае гэта да канца наступнага года. Гэта недалёкая перспектыва», – заявіў тады Ілан Маск.

Але пакуль фірма рабіла тэсты толькі на пацуках.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu