Аб'ектыў 14.09.2019 «Сотні людзей робяць нешта карыснае». Каб змяніць свет, менчукам спатрэбіліся два дні


На гэтых выходных у Менску больш за 400 чалавек думалі над сацыяльнымі праектамі. Менавіта столькі ўдзельнікаў сабраў хакатон «Social Weekend». Яго можна параўнаць з марафонам, бо ўдзельнікі маюць толькі два дні, каб стварыць праект, які зменіць свет.

«Такое двухдзённае мерапрыемства, на якім сотні людзей робяць нешта карыснае для Беларусі», – кажа кіраўнік конкурсу «Social Weekend» Аляксандр Скрабоўскі.

Відэарэпартаж глядзіце ў поўным выданні навінаў за 14 чэрвеня

Андрусь Архіпенка мае матулю пенсіянерку і таму дакладна ведае, чаго бракуе людзям ва ўзросце пасля 50 гадоў. Дзякуючы хакатону «Social Weekend» ён здолеў знайсці аднадумцаў, з якімі цяпер працуе над платформаю Pensioner.by. Там сталыя людзі могуць даведацца пра самае неабходнае: фінансы, здароўе, і нават куды схадзіць і дзе адпачыць.

«Каб людзі маглі не толькі сядзець у хаце, але размаўляць, гутарыць, адаптавацца ў сучасных умовах і працягваць жыць», – кажа Андрусь Архіпенка.

Ідэі на хакатоне могуць дапамагаць развязаць і бізнес-задачы. Аляксандр працуе ў менскай IT-кампаніі. Паводле яго, 90 % новых працаўнікоў звальняюцца, не папрацаваўшы і шасці месяцаў, бо так і не здолелі адаптавацца на новым працоўным месцы. Іхны чат-бот «Aiza» мусіць развязаць гэтую праблему.

«Новы працаўнік не застаецца адзін. Ён можа заўсёды звярнуцца да чат-бота, які развяжа ўсе ягоныя праблемы. Пачынаючы ад таго, дзе яму паесці, сканчаючы тым, які ў нас рэгламент, як мы працуем, як генераваць дакументы», – кажа праграміст праекту «Aiza» Аляксандр.

Вынікі праектаў на хакатоне могуць быць абсалютна розныя: мабільная прылада, сэрвіс, імпрэза, акцыя. Галоўнае, каб ідэя была зрэалізаваная ў найбліжэйшы час.

«Чалавек, бывае, не хоча падзяліцца ідэяй, але баіцца пару месяцаў над ёй працаваць. Хакатон дазваляе прыйсці на адныя выходныя і зразумець, ці патрэбная яна табе самому?» – пытае Аляксандр Скрабоўскі.

Найлепшыя ідэі атрымаюць грошы на рэалізацыю сваіх ідэяў ад партнёраў хакатону, а таксама магчымасць паехаць на трэнінг у Кішынэў і ўзяць удзел у конкурсе сацыяльных праектаў «Social Weekend».

Ксенія Тарасевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары