Сочаць, звальняюць, пагражаюць забіць. Узмацніўся ціск на праціўнікаў «АйПаўэр»

Акурат перад Калядамі КДБ выпусціў з ізалятару Віктара Лемяшэўскага, саўладальніка кампаніі, якой належыць акумулятарны завод пад Берасцем. Лемяшэўскі, як і іншыя фігуранты справы аб буйным хабарніцтве, будзе чакаць суду на свабодзе.

У той жа час праціўнікі акумулятарнага заводу атрымліваюць новыя пагрозы: пасадзім, заб’ем, звольнім з працы.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Берасцейцы прынялі ціск як выклік: наступная акцыя руху «НЕ заводу АКБ» – нязменна ў нядзелю ў цэнтры Берасця. Арганізатары людзей выведуць, нягледзячы на пагрозы «невядомых», кажа ўдзельнік руху Зміцер Бекалюк:

«Нехта Вадзім М. ясна напісаў, што мяне папросту забʼюць або пасадзяць за наркотыкі. У апошні тыдзень пэўнага тыпу машыны ездзяць за мною, за Уладзімірам Марозам, папросту сочаць».

Ціснуць таксама на Уладзіміра Мароза, які быў кандыдатам на дэпутата. Яго звольнілі, кажа, пасля «званку са сталіцы». Таццяну Фесікаву звольнілі пасля мітынгу праціўнікаў акумулятарнага заводу. Іншай удзельніцы пратэстаў – Марыі Галалюк – пагражалі адыманнем дзіця.

«Гэтыя спробы ціску робяцца на прафесійным узроўні, і я перакананы, што за гэтым стаяць пэўныя службы, не стану іх цяпер называць, але я ў гэтым упэўнены», – кажа Зміцер Бекалюк.

Завод «АйПаўэр» зачынілі «часова» у выніку 2-гадовага сістэматычнага змагання берасцейцаў – гэта акцыі на вуліцы, кампанія ў медыях і вялікая экспертная праца эколагаў і праваабаронцаў.

«Незалежна ад таго, якім будзе лёс гэтага заводу, і нават калі яго цалкам зачыняць, улада баіцца актыўнасці людзей», – лічыць Раман Кісляк, адзін з чацвярых берасцейскіх актывістаў, якіх улада сёлета не прапусціла ў Палату Прадстаўнікоў. Пагрозы пачаліся менавіта падчас выбарчай кампаніі.

Юлія Цяльпук belsat.eu

Глядзі таксама