Больш за $ 25 тыс. – штрафы белсатаўцаў за год!


У дваццаць пяты Сусветны дзень свабоды прэсы спрабуем змерыць узровень несвабоды беларускіх медыяў. У нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспо» у Менску з помпай адчынілі дваццаць другую выставу «Медыі ў Беларусі». Але ўваход на яе незалежным медыям па-ранейшаму зачынены.

Ці можна здыягназаваць стан свабоды ў сённяшняй Беларусі? Адказ знайшоўся на вуліцах сталіцы.

«Я лічу, што свабода выражэння сваіх меркаванняў – гэта адная з самых яскравых прыкметаў дзяржавы, якая думае пра сваіх грамадзянаў».

Кіраўніцтва нашай дзяржавы думае, як утрымаць уладу. Між іншага пры дапамозе медыяў – зброі, паводле кіраўніка краіны, больш магутнай за ядравую.

Нездарма адкрыццё выставы «Медыі ў Беларусі» суправаджала вайсковая тэхніка. Музычнае суправаджэнне запэўніў вайсковы аркестр.

«Акцэнты традыцыйныя, і ў гэтым годзе, і ў мінулыя, галоўнае – прадставіць найбольш шырокую палітру сродкаў масавай інфармацыі. Для нас важныя ўсе», – заявіў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.

Міністр інфармацыі лукавіць. Больш карэктна сказаць – усе праўладныя медыі. Бо на выставе, прымеркаванай да сусветнага дня свабоды прэсы, уласна незалежныя медыі амаль не прадстаўленыя.

На жаль, гісторыю недэмакратычнай краіны. У сёлетнім рэйтынгу свабоды прэсы арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» Беларусь з’ехала на два пункты – да сто пяцьдзясят пятай пазіцыі з магчымых ста васьмідзесяці. Ці адчуваюць глыбіню падзення беларусы?

Жыхары Менску кажуць:

«Адказ відавочны, у нас няма свабоды друку».

«Можна ўзгадаць выпадкі, калі ў нас проста знікалі журналісты, якія вялі апазіцыйную дзейнасць. Таму не верыцца ў незалежныя медыі Беларусі».

«Існуе адзіная пазіцыя, якая паўсюль асвятляецца. Усе альтэрнатыўныя замоўчваюцца».

Канстытуцыя Беларусі дэкларуе плюралізм меркаванняў і забараняе манапалізацыю сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай. Гарант жа галоўнага закону нашае краіны мае сваё бачанне.

«Медыі – гэта святое. І калі дзяржава можа трымаць у руках гэтыя медыі – фінансуючы, падтрымліваючы і іншае, асабліва электронныя, – дзяржава гэта павінна рабіць», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Гэта – фрагмент сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі праўладных медыяў. Кавалак таго спічу трапіў і ў сённяшняе віншаванне кіраўніка краіны з нагоды дню свабоды прэсы.

«Медыі мусяць фармаваць канструктыўную грамадскую думку…»

Аднак, Лукашэнка ізноў не ў трэндзе. Паводле Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, задача медыяў – трымаць уладу пад кантролем.

«Умовы працы журналістаў у Беларусі стабільна дрэнныя. Яны ўжо шмат гадоў застаюцца такімі. Пра гэта сведчаць дадзеныя розных міжнародных арганізацыяў, якія праводзяць маніторынг сітуацыі з медыямі і з журналісцкімі правамі ў розных краінах ці рэгіёнах свету», – адзначае старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

Як, напрыклад, Еўрапейская федэрацыя журналістаў. Напярэдадні арганізацыя апублікавала заяву салідарнасці з журналістамі, якіх пераследуюць у Беларусі.

Еўрапейская Федэрацыя журналістаў:

«На жаль, умовы для працы журналістаў у Беларусі нават і блізка немагчыма назваць свабоднымі. З 2015 года ўлады краіны распачалі кампанію рэпрэсіяў у дачыненні да журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі медыямі».

Яскравы прыклад – ціск на супрацоўнікаў нашага тэлеканалу. За нібыта незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі летась белсатаўцы заплацілі штрафаў на больш як дваццаць пяць тысячаў долараў ЗША.

«Таксама нярэдкія выпадкі, калі нашых журналістаў кідаюць за краты. Дзякуй Богу, па адміністрацыйных справах. Крымінальных яшчэ не было, але, тым не менш, гэта да 15 содняў арышту. Акрамя гэтага ўжываецца таксама псіхалагічны ціск. Напрыклад, з ім сутыкнулася нашая журналістка з Гомля Ларыса Шчыракова – ёй пагражалі забраць дзяцей», – кажа Аляксей Мінчонак.

Сёлета ціск толькі павялічыўся. За першыя чатыры месяцы году айчынныя суддзі ўжо пастанавілі спагнаць з журналістаў тэлеканалу больш за дванаццаць тысячаў долараў.

Лола Бурыева, «Белсат»