Сметнік прамысловых адкідаў атручвае менчукоў


Жыццё ў заўсёдным смуродзе. З гэткаю праблемаю сутыкнуліся жыхары мікрараёнаў Чыжоўка і Лошыца ў Менску. Асабліва ў спякотныя дні паветра ў гэтай частцы сталіцы насычаецца хімічнымі рэчывамі ад прамысловых адкідаў. Бо смеццевы палігон «Прудзішча» каля вёскі Калядзічы наблізіўся да межаў МКАДу.

Сметнік «Прудзішча» – самы стары сметнік гораду Менску. Чыноўнікі даўно абяцаюць яго закрыць, але ён працягвае працаваць, прымаючы тоны смецця, што выклікае незадаволенасць жыхароў прылеглых мікрараёнаў.

Каардынатар ініцыятывы «За чыстую Лошыцу» Артур Фінкевіч ужо другі год дапамагае жыхарам Лошыцы ды Чыжоўкі дамагчыся закрыцця палігону цвёрдых бытавых адкідаў, які месціцца недалёка ад іхных дамоў. Летась, як паведамляў «Белсат», https://redakcja.belsat.cloud/news/pad-menskam-gareu-smetnik-fota/ на палігоне «Прудзішча» здарыўся пажар, і хімічны смурод накрыў жылыя мікрараёны.

«З-за яго фактычна немагчыма дыхаць жыхарам Лошыцы, Чыжоўкі, Курасоўшчыны. Раён шматдзетны. Шмат дзяцей. Яны вымушаныя ўсім гэтым дыхаць. Нічога ў гэтым добрага няма. А менскія ўлады замест таго, каб зачыніць гэты палігон, кожны год працягваюць яго тэрмін эксплуатацыі», – кажа Артур Фінкевіч.

Жыхары дамоў на вуліцы Прушынскага, што на паўднёвай ускраіне Менску, актыўна падпісваюцца пад зваротам да ўладаў і ў шэраг ведамстваў з патрабаваннем спыніць эксплуатацыю сметніку.

«Звалка месціцца амаль у горадзе. Тут дзеці мусяць гуляць, дамы, прамбаза, Калядзічы, Гатава. Усё гэта, вядома, трэба добраўпарадкаваць, каб гэтыя пахі, калі ружа вятроў дзьме на нас… Канечне непрыемна прачынацца ранкам і ісці на працу», – кажа мясцовы жыхар Аляксандр.

«Вельмі моцна смярдзіць тут. Увесь час пажары нейкія. Калі сметніцу зачыняць, будзе нам значна лепей», – кажа мясцовая жыхарка Вераніка.

Выглядае на тое, што ўнітарнае прадпрыемства «Экарэс», якое абслугоўвае палігоны цвёрдых бытавых адкідаў Менску, не зацікаўленае ў закрыцці «Прудзішча».

«Ёсць нейкія параметры. Палігон да канца не запоўнены. Таму мы і плануем яго эксплуатацыю да канца 2018 года. Перакідваем па пэўным кодзе ЦБА на Трасцянец, каб хаця б трошкі адкласці закрыццё гэтага палігону… Плануем закрываць у 2018-ым, максімум, калі дазволяць, у 2019 годзе», – кажа дырэктар КУП «Экарэс» Аляксандр Лісоўскі.

Палігон ЦБА або, як кажуць у народзе, звалку «Прудзішча» эксплуатуюць з 1968-га года. За 50 гадоў сметнік прыняў амаль 20 мільёнаў кубаметраў адкідаў. З нядаўняга часу туды звозяцца менавіта прамысловыя адкіды з усіх прадпрыемстваў гораду. Гэта штодзённа прыблізна 700 цяжкавікоў. Тэрміны закрыцця сметніку ўвесь час пераносяцца.

Арцём Лява belsat.eu