Смерці на працы: 279 за паўгода


Амаль трыста смерцяў за паўгода, з іх больш як паўсотні – у выніку траўмавання на прадпрыемстве. Гэткую статыстыку паведамляе айчынны Дзяржаўны дэпартамент інспекцыі працы. Між тым рэальная сітуацыя – яшчэ больш несуцяшальная, адзначаюць незалежныя прафсаюзы.

Віктар Мельнік са Старых Дарог прыязджае да менскай Камароўкі, каб прадаць ягады: пенсія праз інваліднасць складае 300 рублёў. Руку зламаў на будоўлі ў Менску, але за траўму звінавацілі самога працаўніка – нібыта самавольна ўзлез на рыштаванні.

«Атрымаў трэцюю групу інваліднасці. Зразумеў, што мяне падманулі і звярнуўся ў суд. Тады мяне пачалі выжываць з працы: пачалі выплочваць мінімальны заробак, даваць розныя вымовы. Кантракт закончыўся, і я звольніўся ў 2012 годзе. З таго часу я беспрацоўны – інваліда нідзе не хочуць браць», – кажа былы будаўнік, жыхар Старых Дарог Віктар Мельнік.

Перакваліфікаванне вытворчай траўмы ў побытавую праз угаворы, падман або запалохванне – вельмі распаўсюджаная з’ява, кажуць сябры незалежных прафсаюзаў. Гэтак, з 279 смяротных выпадкаў сёлета гібель 31 чалавека не звязваюць з вытворчасцю, а за смерць 53-х працаўнікоў толькі ў палове выпадкаў віну ўскладаюць на наймальнікаў. Нежаданне сплочваць належныя кампенсацыі пацярпелым ды іхным сем’ям – толькі адная з прычынаў.

«Гэтая – тая «славутая» статыстыка, яе пагаршэнне нясе спагнанне для ўсіх чыноўнікаў – вось ад гэтага трэба пазбаўляцца: не павінна быць ніякага «сацыялістычнага спаборніцтва» у пытаннях траўматызму. Трэба забыцца пра сістэму спаборніцтва, што ёсць лепшыя і ёсць горшыя, – гэта ўсё кепска», – распавядае намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч.

Сярод прычынаў смерці і вытворчага траўматызму называюць – нізкі ўзровень тэхналагічнай культуры, бяспекі працы, чалавечы ды іншыя фактары. А, галоўнае, часта фармальныя намаганні развязаць праблему.

«Я перапытваў працаўнікоў: штосьці змянілася пасля таго, як вам знялі даплаты і зменшылі адпачынак? Яны кажуць: нічога не змянілася. Але пайшла справаздача, што палепшаныя ўмовы працы, і таму зменшаная кампенсацыя», – кажа прадстаўнік Незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці па Менскай вобласці Ігар Комлік.

Афіцыйная статыстыка таксама сведчыць, што вытворчыя траўмы рознай ступені цяжкасці штогод атрымліваюць каля 600 чалавек.

Аўтаматызаваць ручную працу і эканамічна зацікавіць наймальнікаў у страхаванні сваіх працаўнікоў – урад шукае магчымасці зменшыць смяротнасць і вытворчы траўматызм. Незалежныя прафсаюзы прапаноўваюць: паставіць у цэнтры ўвагі чалавека працы і ягоныя інтарэсы.

Дзярждэпартамент інспекцыі працы таксама канстатуе, што 190 выпадкаў смерці на працоўных месцах адбыліся ў выніку стану здароўя працаўнікоў. Гэткая смерць можа быць вынікам неспрыяльных умоваў працы або прафесійных захворванняў, аднак працаўнікі часцей за ўсё абараніць сябе не могуць.

«Людзі баяцца сябе бараніць. Неабходна прыбраць кантрактавую сістэму, адміністрацыйнае бязмежжа – наладзіць працоўня адносіны, каб людзі адзін аднаго паважалі, каб кіраўнік, майстар паважалі працоўнага чалавека», – тлумачыць кіраўнік Незалежнага прафсаюзу металістаў Аляксандр Бухвостаў.

Тым часам адлік ахвяраў нядбайнага гаспадарання працягваецца: днямі ўпаў з вышыні і загінуў уладальнік гандлёвага прадпрыемства ў аграгарадку Калодзішчы пад Менскам.

Галіна Абакунчык, belsat.eu