Аб'ектыў 21.09.2018 Смерць у «хуткай»: «Я яе маліла, прасіла – едзь, не прыпыняйся, давязі сына да шпіталю!»


«І дачкі няма, і сына, і мужа. За чатыры месяцы тры труны, як можна перажыць такое?» У сям’і Веры Варонінай – вялікае гора. Цягам усяго некалькіх месяцаў жыхарка гарадскога пасёлку Церахоўка на Гомельшчыне пахавала мужа, дачку і сына. Апошнім памёр 33-гадовы Уладзіслаў: некалькі тыдняў таму ён паскардзіўся маці на млявасць і павышаную тэмпературу.

Вера Вароніна, маці памерлага, расказвае:

«Ён мне кажа: мама, давай я паляжу. Ці ёсць антыгрыпін? Ну я яму і наліла. Ён лёг у ложак і цэлы дзень ляжаў».

А ўжо вечарам зноў паднялася тэмпература, і ў мужчыны пайшла кроў з роту. Маці неадкладна вызвала «хуткую дапамогу». Дарогаю ў шпіталь ва Уладзіслава спынілася сэрца. Машыну хуткай дапамогі прыпынілі, мужчыну пачалі рабіць ненаўпроставы масаж сэрца. Вера Вароніна:

«Там няўзброеным вокам было відаць, што яна ўваліла грудную клетку. Я побач сядзела і пабачыла адразу гэта, як толькі яна прыбрала рукі. Кажу: а што гэта вы зрабілі? Яна ні слова, ні два. Выйшла з машыны хуткай дапамогі. І ўсё».

Медыкі выклікалі міліцыю і дзяжурнага доктара, каб засведчыць смерць мужчыны, хоць Уладзіслава, паводле маці, яшчэ можна была выратаваць:

«Я яе маліла, прасіла – едзь, не прыпыняйся, давязі сына да шпіталю! Што я табе, труп павязу? Што ты, медсястра? Я медсястра!»

У Церахаўскім філіяле Добрушскай цэнтральнай раённай больніцы распавялі, што ў Вароніна здарыўся артэрыяльны крывацёк. У такіх выпадках шанцаў выратаваць чалавека не шмат – кроў бʼе фантанам і выцякае за лічаныя хвіліны. Уладзімір Мікулін, загадчык церахаўскага філіялу Добрушскай ЦРБ:

«У дадзеным выпадку – мы гэтую сітуацыю разбіралі – фельчар зрабіў усё, што мог. Улічваючы цяжкі стан пацыента, тут быў адзін магчымы вынік. Таму парушэнняў з боку дзеянняў фельчара я ніякіх не бачу».

Пералом рэбраў пры правядзенні ненаўпроставага масажу сэрца часам здараецца, падкрэсліваюць адмыслоўцы, і лічыцца ўскладненнем рэанімацыйных захадаў. І далёка не заўсёды пераломы сведчаць пра парушэнне тэхнікі рэанімацыі. Пры гэтым спыненне машыны хуткай дапамогі – абавязковая ўмова падчас гэткіх дзеянняў. Людміла Яненка, фельчарка «хуткай дапамогі»:

«Непрамы масаж сэрца ва ўмовах, калі машына рухаецца, правесці эфектыўна проста немагчыма. Гэта будзе не эфектыўна, і да таго ж будзе рызыкоўна для жыцця тых, хто ў машыне знаходзіцца».

Прычыну смерці Уладзіслава Вароніна цяпер высвятляе экспертыза. Кабета, якая лічыць медыкаў вінаватымі ў смерці сына, накіравала звароты ў следчыя органы, Міністэрства аховы здароўя і Адміністрацыю прэзідэнта. Пасля атрымання вынікаў экспертызы Следчы камітэт працягне праверку, якая і мусіць расставіць усе кропкі над «і» у гэтай трагедыі.

Віталь Бабін, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары