Смерць школьніцы на бульбе: вінаватыя чыноўнікі, судзяць настаўнікаў


На ўсё свой час: школьныя гады – час навукі і забавы. Паводле заканадаўства краіны, збіраць бульбу ў калгасах, напрыклад, дзеці да 14-ці гадоў не маюць права. Але летась кіраўніцтва маладзечанскай школы № 11 выправіла вучняў 8-га класу збіраць ураджай для сельскагаспадарчага прадпрыемства «Усход-Агра». Скончылася трагедыяй – пад коламі самазвала загінула 13-гадовая Вікторыя Папчэня.

Кіроўцу, пад коламі цяжкавіка якога загінула дзяўчына, асудзілі раней на 3 гады «хіміі».

Цяпер на лаве падсудных – дзве настаўніцы

Жанчынам пагражае да чатырох гадоў калоніі. Пракурор настойвае на тым, што педагогі, якія суправаджалі дзяцей, не здзейснілі адпаведнага нагляду за імі.

«Не зразумела, чаму толькі іх. Гледзячы па матэрыялах справы, можна ўзбуджаць шмат справаў, але ёсць толькі супраць іх. І гэта незразумела», – абураецца Алег Папчэня, бацька загінулай школьніцы.

Як высветлілася на судзе, настаўнікам распараджэнне ехаць з дзецьмі на бульбу даў намеснік дырэктара Дзяніс Курэц, які пры гэтым не правёў інструктажу ні з педагогамі, ні са школьнікамі, ні з іхнымі бацькамі.

Трагедыя – гэта хоць і балючая, але навука

Каб не было паўтарэння памылак, важна знайсці вінаватых. Толькі ці там іх шукаюць?

Хоць і нібы «скідваюць» на школу, але дырэктар застаўся на сваёй пасадзе, ён атрымаў вымову, намесніка панізілі да сацыяльнага педагога.

«Гэта віна толькі на дзяржаўных органах. Не на бедных няшчасных настаўніках. Гэта знайшлі крайняга. Як заўсёды знайшлі стрэлачніка», – мяркуе Таццяна Севярынец, былая завуч віцебскай школы.

Сістэму асудзіць і памяняць цяжэй, лягчэй пакараць яе шрубкі

Колькі ж мусіць здарыцца трагедыяў, каб чыноўнікі пачалі служыць не лічбам у справаздачах, а людзям?

Вольга Старасціна, «Белсат», фота: Дар’я Буракіна / TUT.BY