Слуцкія шматдзетныя семʼі атрымалі голыя кватэры


Тры гады таму случчанка Вольга стала шматдзетнай мамай. Летась сямʼя пачала будаваць кватэру, на пачатку вясны ўжо атрымалі ключы… засталося толькі пераехаць.

«Як толькі мы атрымліваем дакументы, што кватэра ўжо наша, мы мусім выселіцца. І мы тут павінныя ўжо жыць. А ў такую кватэру маленькіх дзетак не пацягнеш з сабой, не павязеш», – кажа шматдзетная маці Вольга Астрэйка.

За інтэрнат сямʼя ў мінулым месяцы заплаціла амаль 160 рублёў. А з гэтага месяца мусіць выплаціць падвоеную камунальную плату, яшчэ і за новую кватэру. Таму Вольга з мужам спяшаюцца зʼехаць і робяць рамонт сваімі сіламі.

«Будаўнікоў жа я не магу наняць, таму што колькі яны там бяруць за квадратны метр, 5 ці колькі там долараў. А ў мяне столькі грошай няма. Я атрымліваю 300 рублёў. І ўсё, больш мне не плацяць», – кажа муж Вольгі Сяргей.

Усе кватэры ў доме на вуліцы Барысаўца ў Слуцку здаліся без ванны, без тынкоўкі ды ўнутраных дзвярэй.

«У дамове ў нас прапісана, што сцены павіны быць перацёртыя. То бок павінен быць нейкі слой тынкоўкі. На сённяшні дзень мы бачым, што перацёртыя толькі куты, месцамі па сценах, але самі сцены не перацёртыя», – паказвае кватэру шматдзетная маці Надзея Куніца.

Шматдзетныя сем’і бралі льготныя крэдыты на будаўніцтва. Але ў выніку кватэры аказаліся таннейшымі, чым меркавалася раней.

«Па субсідыі ў нас засталося 2600 беларускіх, не выкарыстаных, і яны завіслі на рахунку УКСу. Звярталіся да мэра гораду Вінчэўскага, каб гэтыя грошы скарыстаць на аздобу, на будматэрыялы, але ён сказаў, што цалкам у прапажы гэтых грошай будзе вінаваты УКС», – кажа шматдзетны бацька Аляксандр Рамашка.

Ва Упраўленні капітальнага будаўніцтва запэўнілі: усе грошы яны вернуць. А вось каб рабіць адштукаванне ў доме, варта было падпісваць дадатковае пагадненне.

«Дольнік можа па згодзе бакоў заключыць дамову дадатковае пагадненне і змяніць кошт у бок павялічэння або памяншэння, але гэта падчас будаўніцтва, але дом здадзены ўжо, усё», – расказвае кіраўнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Слуцкага раёну Ігар Радзівонаў.

Ва Упраўленні капітальнага будаўніцтва параілі звяртацца ў выканкам з афіцыйнай заявай. Але паводле старшыні Асацыяцыі шматдзетных бацькоў, рэшту субсідыі на адштукаванне выкарыстаць немагчыма.

«Дзяржава аплаціла за будаўніцтва, ільготны крэдыт выдзеліла, усё. Калі там засталіся нейкія капейкі, яны застаюцца ў дзяржаве, гэта грошы бюджэтныя, дзяржаўныя», – кажа Таццяна Краўчанка з асацыяцыі шматдзетных бацькоў.

Аднак бываюць і выключэнні.

«Шматдзетная сям’я з Рэчыцы звярнулася падчас акцыі «Вашае пытанне прэзідэнту». У іх не хапала сродкаў на рамонт у новай кватэры. З-за гэтага наваселле адкладалася на нявызначаны тэрмін. У выніку выхад быў знойдзены. Ім дазволілі скарыстаць частку субсідыі», – так казалі летась у эфіры тэлеканалу СТВ.

Тады дзяржаўны тэлеканал расказаў пра восем сем’яў, якія скарысталіся такой магчымасцю. Амаль два дзясяткі слуцкіх сем’яў просяць такой жа магчымасці і для іх. Мясцовыя ж улады пакуль не адказалі.

Наста Кахановіч, «Белсат»