Слуцкі завод звольніў працаўнікоў без заробку, а ўладам стала «сорамна за такі завод»


Больш за паўсотні рабочых страцяць працу, не атрымаўшы заробкаў. Слуцкі завод жалезабетонных вырабаў спыняецца. Абураным працаўнікам не дапамагло ні кіраўніцтва прадпрыемства, ні мясцовыя ўлады, якія кажуць, што ім «сорамна за такі завод».

Толькі шаснаццаць працаўнікоў заводу жалезабетонных вырабаў у Слуцку застаюцца на працы да моманту поўнай ліквідацыі прадпрыемства – адзінокія маці, вахцёры, людзі перадпенсійнага веку. Астатнія 51 атрымалі паведамленне аб звальненні:

«На вуліцу ідзём – нас ніхто нідзе не чакае, мне 55 гадоў. І я сыходжу… Не ведаю, куды сыходжу. І на сёння мяне цікавіць, калі будуць зробленыя выплаты».

«Прадпрыемства ўвойдзе ў стадыю ліквідацыі, будзе прадавацца маёмасць, і з гэтага прыбытку будуць рабіцца выплаты. Як мы самі палічылі, у найлепшым выпадку гэта будзе ў лютым. А да лютага яшчэ трэба неяк жыць».

«Я – маці-адзіночка. Паводле закону мяне не могуць скараціць, і да лютага грошай не будзе. Я адна з дзіцём. За што жыць?»

У загадзе аб звальненні адміністрацыя паведамляе, што прадпрыемства стратнае і толькі падатковая запазычанасць складае паўтара мільёна рублёў. Працаўнікі асабліва абураныя тым, што іх яшчэ і вінавацяць у гэткім становішчы:

«Цяпер кіраўніцтва нас звінаваціла, што мы самі вінаватыя. Мы працавалі ў дзве змены, як мае быць. І не так, як нам цяпер кажуць, што нібыта мы нічога не рабілі, а толькі заробак атрымоўвалі».

Усім складам працаўнікі пайшлі да старшыні Слуцкага гарвыканкаму, але і там дапамогі не атрымалі:

«Нам папросту сказалі, што не вашае першае прадпрыемства, якое закрываецца, і «сорамна за такі завод!» Але чаму нам павінна быць сорамна за свой завод? Вярхі мусілі шукаць выйсце, але не шукалі, а вінаватымі засталіся мы».

А як паводле закону бараніць свае правы ў такой сітуацыі, калі начальства вінаваціць цябе, а ўлады да закрыцця прадпрыемстваў, відаць, прызвычаіліся? Старшыня незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч мяркуе, што перадусім варта ведаць свае правы:

«Трэба мець веды, ці правільна з табою паступілі. Напэўна, твае працоўныя правы даўно парушаныя, то звальняйся і атрымоўвай тры сярэднія заробкі ў адпаведнасці з заканадаўствам ды шукай сабе працу, бо ўсё роўна цябе звольняць. Ёсць шэраг прыкладаў выйсця са становішча. Калі не ведаюць гэтых правоў – няхай звяртаюцца, дапаможам».

Колішні дырэктар прадпрыемства, а цяпер намеснік антыкрызіснага кіраўніка Аляксандр Шкурскі адмовіўся выйсці да журналістаў, але сваёй віны ў закрыцці прадпрыемства не прызнае:

«Тут шмат негатыўных эмоцыяў. Я хацеў і жыць, і працаваць, але збег абставінаў. Усё ідзе паводле закону».

Завод жалезабетонных вырабаў – пятае буйное прадпрыемства, якое ліквідуюць у 60-тысячным Слуцку. Раней перасталі працаваць макаронны, тэкстыльны, кансервавы і піўны заводы:

«У мяне трое дзяцей. Вось што мне далей рабіць, куды ісці?»

«Няма такой вакансіі для нас, а калі і ёсць – усе месцы ўжо занятыя».

«Працы няма ў Слуцку, але будзем шукаць… Слуцк, Салігорск, Менск – не ведаю нават».

Няўдалае кіраўніцтва і адсутнасць эканамічных рэформаў – тыя першапрычыны, якія будуць далей прыводзіць да банкруцтва прадпрыемстваў, кажа Генадзь Фядыніч:

«Гэты працэс будзе ісці і надалей. І калі на наступны год мы будзем бачыць банкруцтва 15–20 прадпрыемстваў, то гэта і ёсць вынік усёй эканомікі, якая была апошнія дваццаць гадоў».

Толькі ў Слуцку банкрутамі на сёння ёсць пяць буйных дзяржаўных прадпрыемстваў. У Беларусі такіх не менш за трыццаць.

Галіна Абакунчык, belsat.eu