Случакі выйдуць на пратэст, бо няма на што жыць


Хваля рэпрэсіяў не змагла здушыць пратэстаў гэтай вясны. Слуцк стаў чарговым горадам, дзе жыхары збіраюцца выказацца супраць дзеянняў уладаў.

Галоўная праблема ў горадзе – немагчымасць працаўладкавацца

Паводле Міністэрства працы, на пачатак вясны Слуцкі раён увайшоў у спіс самых праблемных што да беспрацоўя. Шэраг прадпрыемстваў, сярод якіх макаронная і тэкстыльная фабрыкі, піўзавод, «Слуцк-модуль», кансервавы завод і завод вырабу посуду, закрыліся. Таму цяпер больш за тры случчане прэтэндуюць на адну вакансію.

«Знайсці працу можна, але ці пражыць на гэты заробак можна? У мяне беспрацоўныя ў доме ёсць», – кажа мясцовы жыхар.

Пасля загаду Лукашэнкі даць працу ўсім да 1-га траўня, у Слуцкім райвыканкаме стварылі камісію для працаўладкавання не занятых у эканоміцы грамадзянаў. І хоць прапанаваных вакансіяў шмат, мала хто ўладкоўваецца.

Не развязала сітуацыю і адкрыццё дражджавога заводу ў Слуцку

Яшчэ летась на прадпрыемства, якое мае адчыніцца ў канцы траўня, даслалі рэзюме больш за 1000 чалавек, а набіралі каля 80-ці працаўнікоў.

Няма працы? Атрымайце пратэсты!

У сувязі з такім станам занятасці ў горадзе актывісты руху «За свабоду» падалі на 7-га траўня ў Слуцкі райвыканкам заяўку на правядзенне мітынгу «За свабоду слова і годнае жыццё».

«Таму і патрабаванні збольшага нашы сацыяльна–эканамічныя, плюс да гэтага ў нас у Слуцку ёсць экалагічныя праблемы, апошнім часам яны паўсталі вельмі яскрава, і нашая акцыя прымеркавана да Дня свабоды друку, таму мы плануем абмеркаваць і праблемы са свабодай слова ў краіне», – пералічвае нагоды для пратэсту Віталь Амяльковіч з Руху «За свабоду».

Арганізатары разлічваюць, што на акцыю збярэцца каля 100 чалавек і падкрэсліваюць, што акцыя адбудзецца, нават калі выканкам не дасць на яе дазволу.

Вольга Чайчыц, «Белсат»