Аб'ектыў 24.08.2018 Слонімскія міліцыянты спалохаліся камераў «Белсату»


Прыцягваючы ўвагу да праблемаў суграмадзянаў, «Белсат» неаднойчы спрыяў развязанню гэтых праблемаў. Але, збіраючы інфармацыю, нашыя журналісты часцяком сутыкаюцца з перашкодамі з боку міліцыі ды чыноўнікаў.

Між тым мы працягваем працаваць, а таму і цяпер, як толькі жыхары інтэрнатаў са Слоніму чарговы раз паклікалі «Белсат» да сябе, Вольга Чайчыц выправілася на сустрэчу.

Месяц таму «Белсат» рабіў сюжэт пра інтэрнаты ў Слоніме, з жыхароў якіх двойчы спаганялі арэндную плату за адныя і тыя ж паслугі. Змагацца за свае правы жыхарам тады дапамагаў Незалежны прафсаюз РЭП. Пасля выхаду рэпартажу на нашым тэлеканале прадстаўнікі ЖКГ адмянілі незаконную плату і зрабілі пераразлік.

«Тыя грошы, што яны ўтрымалі незаконна, яны іх вярнулі. Таму вельмі былі ўдзячныя, падзяку вялікую выказвалі і супрацоўнікам «Белсату», і мне, канечне, за гэта. Вынікі ёсць. Трэба не баяцца, трэба змагацца», – кажа Міхаіл Сашко з прафсаюзу РЭП.

Але ўпэўненасці ў тым, што новых пабораў не ўвядуць наноў, няма. Адміністрацыя інтэрнату абвесціла правядзенне сходу, каб патлумачыць механізм налічэння арэнднай платы. Каб не быць падманутымі, жыхары зноў запрасілі «Белсат». Камунальнікам гэта не спадабалася – яны пачалі вымагаць у журналістаў акрэдытацыю і дазвол на здымкі.

У выніку Камунальнік запрапанаваў нам пакінуць будынак і выклікаў міліцыю. Хоць паводле галоўнага закону краіны – Канстытуцыі – грамадзянам гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў. А дзяржаўныя органы ды службовыя асобы і наагул абавязаныя даць грамадзяніну магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі, якія закранаюць ягоныя інтарэсы.

З участковым Дзмітрыем Кірыкавым адбылася дзіўная размова.

Журналісты: «Мы як грамадзяне маем права тут быць».

Міліцыянт: «Вы так думаеце».

Журналісты: «Мы гэта ведаем.

Міліцыянт: «Быць, але не здымаць».

Журналісты: «Збіраць інфармацыю.Сюды адносяцца і відэаздымкі».

Міліцыянт: «Выйдзеце, калі ласка, сюды ў калідор. Паразмаўляем».

Журналісты: «Мы мусім слухацца вашых законных патрабаванняў. Якое законнае патрабаванне? Агучце артыкул, паводле якога я павінная туды выйсці!»

Міліцыянт: «Для таго, каб не перашкаджаць правядзенню сходу».

Журналісты: «Мы не перашкаджаем».

Міліцыянт: «Вось я хачу з вамі паразмаўляць».

Журналісты: «Калі б гэта былі законныя патрабаванні, мы б выйшлі».

Міліцыянт: «Гэта законныя».

Жыхары інтэрнату пытаюцца:

«А калі я буду здымаць на тэлефон – можна мне? А так нельга? Чаму? Хай здымаюць. Можа, нам локшыну будуць вешаць! Як звычайна!»

«Вы нам не перашкаджаеце. Я, наадварот, думаю, што дзякуючы вам шмат хто даведаецца, што тут творыцца».

Паколькі законных падставаў выгнаць нас не знайшлося, а праводзіць сход у нашай прысутнасці адміністрацыя інтэрнату і працаўнікі ЖКГ не захацелі, яны пастанавілі перанесці сустрэчу на іншы час.

Жыхары інтэрнату не разумеюць:

«Ну як гэта?»

«Вы абавязкова наступны раз прыходзьце яшчэ!»

І мы абавязкова прыйдзем.

Вольга Чайчыц, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары