Аб'ектыў 22.07.2018 Слонімская ЖКГ з дазволу Лукашэнкі увяла аброк


Двойчы плаціць за адну і тую ж паслугу. У Слоніме пачалі браць дадатковую арэндную плату з жыхароў інтэрнатаў. Памер новых спагнанняў вылічваецца ў залежнасці ад катэгорыі ўладкаванасці інтэрнату. У сярэднім жыроўкі выраслі на 50 адсоткаў. Людзі пачалі высвятляць, за што даводзіцца плаціць, аказалася, – за тое, што ўжо аплачана. Па дапамогу слонімцы звярнуліся да… «Белсату».

«Ну, гэта вялікая сума, заробкі мінімальныя атрымліваем, мінімальныя. А тут увялі больш аплочваць, то мы не зможам гэтак аплочваць», – кажа Святлана Храцэвіч, жыхарка інтэрнату.

Жыхары шасці інтэрнатаў сабралі подпісы пад калектыўным зваротам і запатрабавалі ў кіраўніцтва Слонімскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі патлумачыць, з якой прычыны іх абавязалі плаціць арэндную плату, якой раней не бралі.

«Я не задаволены гэтай арэндай. Якое тут абслугоўванне? Гэта абдзіралаўка выходзіць», – абураецца жыхар інтэрнату Уладзімір Яўхімік.

Высветлілася, што рашэнне прынятае згодна з указам прэзідэнта, а адлічэнні будуць накіроўвацца толькі на тэхнічнае абслугоўванне, бягучы рамонт канструктыўных элементаў, інжынерных сетак, дапаможных памяшканняў. Усё б добра, але… І «тэхнічнае абслугоўванне», і «капітальны рамонт», і «утрыманне дадатковых памяшканняў» ужо раней уваходзілі ў жыроўкі. Цяпер яны ж засталіся, і плюс з’явілася дадатковая плата».

Атрымліваецца, што жыхарам даводзіцца двойчы плаціць за адно і тое ж.

«Ні гэты ўказ ад таго 11 года неправамерны, і паборы. Ну няма ў вас грошай, дык а куды вы іх дзеяце, гэтыя, што людзі плоцяць. Дайце калькуляцыю, куды ідуць гэтыя грошы, на што трацяцца. Таму што рамонту ніякага на працягу больш як двух дзясяткаў гадоў, ні бягучага, ні тым больш капітальнага не рабілася», – кажа Міхаіл Сашко з прафсаюзу РЭП.

Тым часам у інтэрнатах скарацілі пасады вахцёраў – няма чым плаціць. Падцёкі на сценах, злушчаная фарба, умовы пражывання не найлепшыя. Жыхары скардзяцца, што і трубы, краны і змяшальнікі, на што ідуць вылічэнні, замяняюць таксама за свой кошт. І гарантыі, што, з павелічэннем платы, дзяржава пачне выкарыстоўваць грошы жыхароў паводле прызначэння, таксама ніхто не дае.

Вольга Чайчыц, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары