«Следства пудрыць усім мазгі». Магілёўцы не вераць у версію самагубства інспектара ДАІ


Забіў сябе выстралам у галаву. Да такой высновы прыйшлі следчыя, вывучаючы акалічнасці смерці інспектара ДАІ Яўгенія Патаповіча. Пяць дзён таму цела 22-гадовага міліцыянта знайшлі ў лясным масіве пад Магілёвам.

Яўгеній Архірэеў, старшыня следчага ўпраўлення СК Беларусі:

«Асноўнай версіяй на дадзены момант з’яўляецца суіцыд. То бок самагубства супрацоўніка. Следствам усталяваныя абставіны, усе дзеянні Патаповіча ў дзень гібелі, ажно да 18 гадзінаў».

З асабістай перапіскі Патаповіча быццам бы вынікала, што ён ужо даўно меў суіцыдальны намер. Відэа з камераў назірання сведчыць: у дзень трагедыі лейтэнант набыў у краме дровы і вадкасць для распалу, якія пасля знайшлі побач з целам. Каб здзейсніць самазабойства, лейтэнант на спадарожным аўтамабілі меўся даехаць да чыгуначнага пераезду бліз вуліцы Першамайскай. Адтуль – дабрацца ў лес.

Алег Волчак, былы следчы, праваабаронца:

«Калі чалавек збіраецца здзейсніць самагубства, ён не будзе такія завуаляваныя пасылаць паведамленні, ён здзяйсняе і ўсё. Або піша запіску: я сыходжу з гэтага жыцця. Усё, іншага не дадзена».

Паведамленне пра захоп цыганамі Патаповіч сапраўды даслаў калегам. Для інсцэнізацыі, кажа Следчы камітэт. Версія з выкраданнем хутка перастала быць прыярытэтнаю. Запісы з камераў назірання не пацвердзілі, што міліцыянт сеў у чорную «Волгу». Між тым цягам некалькіх дзён міліцыя масава змяшчала ў ізалятар часовага ўтрымання і дапытвала магілёўскіх ромаў. Некаторых пасля абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Але пратаколаў аб адміністратыўным правапарушэнні ў выніку нікому не выдалі.

Жыхары мікрараёну Грабянёва распавядаюць:

«Бралі людзей, не называліся, гналі як скаціну і ўсё».

«Забралі нас, трымалі два дні ў ІЧУ. Нічога такога не было, ну проста дапытвалі нас, як яно адбывалася ўсё. Мы сказалі ім, што мы нічога не ведаем і не бачылі нічога».

«За што мы сядзелі па двое содняў? Злачынца недзе бегае, гуляе, а мы сядзелі».

У версію самазабойства не верыць і большасць апытаных намі магілёўцаў. У справе застаецца яшчэ шмат пытанняў. Ці можна было застрэліцца, калі рукі счэпленыя кайданкамі? І навошта інспектару ДАІ спатрэбілася распранацца ніжэй поясу перад здзяйсненнем суіцыду?

«Вядома, я ў гэта не веру, не можа такога адбыцца. Чалавека застрэлілі, і гэта відавочна».

«Дзіўнасцяў вельмі шмат, і я баюся, што следства пудрыць мазгі ўсім».

«Не мог ён сам пакончыць з жыццём. Малады хлопец. Жыць да жыць, 22 гады».

«Неяк гэта не выглядае як самазабойства. Я лічу, што хутчэй за ўсё гэта было забойства. Проста вінаватых не знойдуць, хутчэй за ўсё», – тлумачаць жыхары Магілёва.

Паводле былога следчага Алега Волчака, у справе, імаверна, задзеяная падрыхтаваная група злачынцаў, якіх цяпер складана знайсці. Акрамя гэтага, сямʼі самагубцы не выплачваюць страхоўкі і заробку, які цягам дзесяці гадоў атрымліваюць родныя загінулага пры выкананні працоўных абавязкаў праваахоўніка.

Юлія Лабанава, belsat.eu

Гарачы каментар
Версія Следчага камітэту: зашпіліў кайданкі, спаліў штаны і стрэліў сабе ў галаву
2019.05.20 23:15