Скрэпы па-беларуску: чым займаюцца ідэолагі?


Духоўнасць мусіць стаць галоўным стрыжнем нацыянальнай ідэі беларусаў – лічыць галоўны ідэолаг Гомельскай вобласці і кандыдатка ў дэпутаты Ірына Даўгала. Што праўда, не ўдакладняе сваё разуменне духоўнасці. А ідэалогія, з ейных словаў, – гэта калі ў чалавека ў душы няма подласці, а ёсць рэальны, не пафасны, гонар за сваю краіну.

Анатоль Сідарэвіч, гісторык:

«Магчыма, у гэтай духоўнай вытворчасці, у тым, што напісаў Купала, трэба шукаць нацыянальную ідэю? «Занімай, Беларусь, маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!» Паміж якімі мы народамі? Можа, нам пара вярнуцца ў Еўропу? У еўраатлантычную цывілізацыю?»

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Ірына Даўгала стала гераіняй абмеркаванняў у сеціве, калі стала вядома, што ейны месячны даход складае больш за тры з паловаю тысячы рублёў.

Вадзім Мажэйка, аналітык BISS:

«Існуюць пэўныя разыходжанні, дзеля чаго створана ідэалагічная вертыкаль – што на паперках і што насамрэч. Дзеля эфектыўнага рэфармавання трэба зразумець, для чаго ўрэшце яно існуе. І ў выніку ідэалагічная вертыкаль ствараецца ж на прадпрыемствах, нейкія ячэйкі. Гэта такі перажытак савецкага часу».

А як бачыць працу ідэалагічнай сістэмы краіны яе адрасаты? Жыхары Магілёва:

«Гультайнічаюць! І грошы… Я б сказаў. Карацей кажучы, гнаць іх трэба мятлой вунь той».

«Па-мойму, яны цалкам непатрэбныя. Ідэалогія выкладзена ва ўсіх дзяржаўных дакументах».

«Нічога яны не робяць. Ніякай ідэалогіі ў нас няма. Локшына на вушах».

«Увогуле зараз хапае інфармацыі і па тэлебачанні, і ў інтэрнэце, таму асаблівай неабходнасці ў іх няма. Я думаю, што кожны сам знойдзе сабе інфармацыю па інтарэсах».

Шукае ідэалагічнага падмурку і іншы праўладны кандыдат. Лідар грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Генадзь Давыдзька падчас перадвыбарчых дэбатаў тлумачыў, што інстытут палітычных партыяў у Беларусі пярэчыць, цытата, «духу славянства, у якога сонца, цар, бог, галава сямʼі». А вось кандыдаваць на дэпутата ўсе гэтыя рэчы, відаць, не замінаюць

Анатоль Сідарэвіч, гісторык:

«Полацкае веча, Кіеўскае веча, Наўгародскае веча – калі ласка, вось вам узоры рэспублік. Урэшце рэшт Вялікае Княства Літоўскае са сваім соймам, са сваймі законамі. Калі вялікі князь не мог сабе дазволіць рабіць тое, што хацеў».

Духоўнасць, славянскія традыцыі – чыноўнікі і некаторыя кандыдаты ў Палату прадстаўнікоў любяць апераваць размытымі фармулёўкамі нацыянальнае ідэі. А тым часам правал у стварэнні дзяржаўнай ідэалогіі цэлай арміяй праўладных адмыслоўцаў канстатаваў сам кіраўнік краіны. Ну і як тут не прыгадаць вечныя адсылкі да тых самых скрэпаў у нашых усходніх суседзяў?

Зміцер Міцкевіч belsat.eu