Скрасці, адседзець – і вярнуцца ўва ўладу. Як Беларусь «перамагла» карупцыю


Беларусь палепшыла свае паказнікі паводле індэксу ўспрыняцця карупцыі. Але не таму, што яе перамагае, а таму, што надзейна хавае.

Як вынікае з даследавання арганізацыі Transparency International, нашая краіна – у сярэдзіне спісу: не найгоршая, але і не найлепшая: 68-я пазіцыя са 180. Пры гэтым індэкс TI адлюстроўвае менавіта стаўленне да карупцыі ў грамадстве, а не яе рэальнае вымярэнне.

«Карупцыі не тое што не стала менш, яе стала больш. Больш таго, яна стала такой дэцэнтралізаванай. Карупцыянерамі сталі чыноўнікі на ўзроўні выканкамаў, нават суды. Нават Лукашэнка два тыдні таму казаў, робячы «наезд» на сілавікоў, што ў нас можна прыйсці ў суды і купіць патрэбны прысуд. Такога ніколі не было за апошнія 20 гадоў», – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

У тройку краінаў з самаю нізкай у свеце карупцыяй апроч Новай Зеландыі, якая ўзначальвае рэйтынг, уваходзяць Данія і Фінляндыя. Беларусь у гэтым спісе выглядае не горш за асобных чальцоў Еўразвязу. Але гэта не азначае, што беларускія чыноўнікі сталі браць менш хабару. Яшчэ на мінулым тыдні кіраўнік краіны тлумачыў, за што адхіліў міністра спорту ад пасады: дырэктар Палацу спорту Прановіч браў хабар усім, нават мікрахвалёўкамі і дрылямі.

Сістэмная і схаваная

На побытавым узроўні беларусы зазвычай не даюць хабару міліцыянтам ці, напрыклад, дактарам, як у суседніх Украіне ці Расеі, адзначае кіраўнік праекту «Кошт Урада» Уладзімір Кавалкін. Але на найвышэйшым узроўні іншая сітуацыя.

«Для Беларусі характэрная буйная, схаваная, сістэмная карупцыя, якая датычыць вышэйшых службовых асобаў падчас размеркавання бюджэтных сродкаў, дзяржзакупах, прыватызацыі, выдзяленні зямлі. У гэтых выпадках карупцыя ў Беларусі даволі высокая, яна сістэмная і яна схаваная», – кажа Кавалкін.

Летась эксперты Даследчага цэнтру ІПМ правялі грунтоўнае апытанне бізнесоўцаў, з якога вынікае, што найбольш карумпаваныя чыноўнікі адказваюць за санітарны і пажарны нагляд, дзяржаўныя замовы і тэндары ды рознага роду сертыфікацыі.

Карупцыя ў беларускіх рэгіёнах размяркоўваецца не аднолькава. Самаю карумпаванаю вобласцю эксперты называюць Гарадзеншчыну. Трэнд апошнімі гадамі такі: карупцыя размяркоўваецца на двух узроўнях. У найвышэйшых эшалонах улады, а таксама на ўзроўні мясцовых выканкамаў.

Яшчэ адзін момант, на які звяртаюць увагу назіральнікі: з улікам афіцыйных заробкаў і факту, што праз колькі гадоў табе даруюць хабарніцтва, чыноўнікі выбіраюць зарабіць хутка, адседзець некалькі гадоў і вярнуцца ў кіраўнічую абойму, напрыклад, на пасаду дырэктара слабога сельгаспрадпрыемства. Такі вось беларускі варыянт першаснага назапашвання капіталу.

Аркадзь Несцярэнка; фота вокладкі – Danil Shamkin/NurPhoto via ZUMA Press/Forum