Скончыліся медыкі – пайшлі да станкабудаўнікоў. Як барацьба з карупцыяй служыць уладзе


Станкабудаўнічыя прадпрыемствы Беларусі ўжо даўно не прыбытковыя. Бо зарэгуляваныя дзяржаваю. Фота – «Белсат»

Новая хваля затрыманняў паводле падазрэння ў карупцыі. Паводле звестак інфармаваных крыніцаў «Белсату», у аўторак і сераду затрымалі дырэктараў станкабудаўнічых заводаў у Гомлі, Віцебску ды Воршы.

Інфармацыя неафіцыйная, але дастаткова аператыўная. Адразу некалькі кіраўнікоў беларускіх станкабудаўнічых заводаў сядзяць цяпер у следчым ізалятары КДБ у Менску. Яшчэ напярэдадні на працоўным месцы адсутнічалі віцебскія дырэктары: заводу заточных станкоў – цяпер гэта ААТ «ВІЗАС» – і станкабудаўнічага заводу «Вістан». Аналагічная сітуацыя з дырэктарамі на гомельскім ААТ «СтанкаГомель» і ў Воршы, на станказаводзе «Чырвоны барацьбіт».

«Яго затрымалі пасля камандзіроўкі. Рабочыя завода казалі – не, ніхто нічога не чуў, а бліжэй да кіраўніцтва казалі – так, такое было«, – падцвердзіў «Белсату» неафіцыйную інфармацыю Ігар Казмярчак, рэдактар «Orsha.eu».

Рэпартаж Яраслава Сцешыка глядзіце ў поўным выданні навінаў за 25 траўня

Таксама крыніцы «Белсату» паведамілі, што сілавікі цікавіліся працаю кіраўніцтва Гомельскага заводу станочных вузлоў, Менскага заводу аўтаматычных лініяў, Менскага заводу Кастрычніцкай рэвалюцыі і пінскага «Кузлітмашу». Гэтыя прадпрыемствы раней уваходзілі ў склад холдынгу «Белстанкаінструмент» на базе Менскага станкабудаўнічага заводу, але холдынг ужо распаўся.

«Станкабудаўнічыя прадпрыемствы даўно не прыбытковыя, ледзь жывыя. Былі спробы стварыць беларуска-расейскі станкабудаўнічы холдынг, але не мелі поспеху«, – прыгадвае эканамічны аглядальнік Аляксандр Заяц, намеснік галоўнага рэдактара «Tut.by».

Непрыбытковыя, бо зарэгуляваныя дзяржаваю. Сістэма, калі прадпрыемствы належаць або кантралююцца дзяржавай, узмацняе карупцыйныя настроі, сцвярджае Сяргей Скрабец, былы дэпутат Палаты Прадстаўнікоў.

«Агромныя даўгі прадпрыемстваў адно перад адным. І каб атрымаць грошы пасля паставак, мусіш даваць хабар. І каб былі пастаўкі, мусіш даваць хабар. І гэта не залежыць нават ад дырэктара, бо хабары бяруць галоўны інжынер, начальнік забеспячэння, начальнік збыту, тыя, ад каго залежаць тэндэры і тэхэкспертызы», – мяркуе Скрабец.

Карупцыяй прасякнутыя ўсе сферы жыцця ў Беларусі, мяркуе экс-дэпутат: «Гэта там, дзе існуе дзяржуласнасць, прадпрыемствы, дзе была пасадка дырэктараў, гэта там, дзе бюджэтныя грошы: медыцына, пенсіі, ЖКГ, сельская гаспадарка«.

Затое ў тэлевізары барацьба з карупцыяй і халатнасцю выглядае эфектыўна.

«Скончыліся медыкі, з’явіўся час, пайшлі ў новую сферу. Цяпер на носе выбары, уладам выгодна паднімаць тэму барацьбы з карупцыяй«, – мяркуе Андрэй Заяц.

Следчы камітэт і КДБ пакуль не пракаментавалі інфармацыі пра затрыманні кіраўнікоў станкабудаўнічых прадпрыемстваў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»