«Скочваемся ў губерню расейскую». Беларусы пра інтэграцыю


Акалічнасцяў, што ўтрымлівае 31 дарожная мапа аб паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расеі, грамадскасці не агалошваюць дасюль. Важныя чыноўнікі працяглы час запэўнівалі: хвалявацца не варта, маўляў, гаворка толькі пра інтэграцыю эканамічную. Аднак сёння пасол Беларусі ў Расеі паведаміў пра іншыя планы.

Уладзімір Сямашка, амбасадар Беларусі ў Расеі:

«…Пераход на ўніфікаванае падатковае заканадаўства, стварэнне адзіных рынкаў нафты, газу і электраэнергіі, стварэнне адзінага парламенту і ўраду з пэўнымі паўнамоцтвамі, калі незалежныя Расея і Беларусь аддаюць наверх пэўныя кіроўныя функцыі з абавязковым выкананнем».

Гэтак, цяпер вядзецца і пра палітыку – стварэнне агульных ураду і парламенту, якое планавалі яшчэ паводле дамовы 1999 года, падпісанай Лукашэнкам і Ельцыным.

Палітолаг, дырэктар Цэнтру Еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў тлумачыць:

«Амбасадар наўпрост кажа пра тое, што магчымае стварэнне наднацыянальных органаў, якім перадаюцца паўнамоцтвы, частка паўнамоцтваў ураду Рэспублікі Беларусь, і што нейкія рашэнні будуць мець сілу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

Паводле Андрэя Ягорава, падпісанне гэтае дамовы азначае для Беларусі фактычна здачу суверэнітэту краіны. А як мяркуюць беларусы?

«Мы пакрысе скочваемся ў губерню расейскую. І гэта, напэўна, проста справа часу».

«Я не думаю, што Лукашэнка пойдзе на нейкія сурёзныя крокі ў гэтым плане. Я думаю, што рашэнні, якія будуць прымацца парламентам, не будуць носіць стратэгічнага значэння».

«Мы дзве розныя краіны суверэнныя, я не лічу, што гэта патрэбна», – кажуць жыхары Менску.

Між тым пакуль гэткая дамоўленасць паводле беларускага заканадаўства не ёсць магчымаю, бо супярэчыць Асноўнаму Закону Беларусі.

«Калі нейкія рашэнні саюзных органаў будуць мець дзеянне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, то тут будуць патрабавацца змены ў Канстытуцыю, бо Канстытуцыя дастаткова ясна акрэслівае паўнамоцтвы, якія маюць беларускія дзяржаўныя органы, што маюць паўнату ўлады на тэрыторыі Беларусі», – кажа Андрэй Ягораў,

палітолаг, дырэктар Цэнтру Еўрапейскай трансфармацыі.

Асноўныя пытанні паглыблення інтэграцыі – нафтагазавае, агульнага падатковага кодэксу і наднацыянальных органаў улады – чакаюць развязання на найвышэйшым узроўні. Сустрэцца кіраўнікі Беларусі і Расеі паабяцалі сёлета да канца года. Першая ж рэакцыя на анансаваныя перамовы прагучала ўжо сёння: сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец заклікаў беларусаў выказаць супраціў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 7 снежня, за дзень да названай даты падпісання новай дамовы паміж Беларуссю і Расеяй.

Юлія Лабанава belsat.eu

Hавiны
Уладзімір Сямашка: Лукашэнка і Пуцін дамовіліся стварыць адзіны парламент і ўрад. Гэта прапісана ў дамове
2019.11.29 15:55