Аб'ектыў 29.07.2019 Скарачаецца насельніцтва Беларусі: сёлета беларусаў стала менш на 19 тысяч


Натуральная колькасць насельніцтва ў Беларусі паступова змяншаецца ад 1996 года. Сціплыя намаганні ўраду павысіць нараджальнасць плёну не далі, а мігрантаў да нас чамусьці асабліва ніхто не запрашае.

Паводле звестак Белстату, ад пачатку года мацней за ўсё прасела Віцебская вобласць, там недалічыліся амаль 7 тысяч чалавек. Менш за астатнія – Менская, тут лічба зменшылася на 13 жыхароў, хоць на гэтую разбежку моцна ўплывае і ўнутраная міграцыя. Жыхары Менску пра такое дэмаграфічнае становішча гавораць так:

«Змяняюцца каштоўнасці, змяняюцца прыярытэты, жанчын у тым ліку».

«Памяншаецца колькасць грошай у людзей».

«Узровень жыцця ў нас не на добрым узроўні. Натуральна і алкагольныя розныя рэчы».

«Я не з’еду з Беларусі ні пры якіх умовах».

Беларускі не нараджаюць столькі дзяцей, каб насельніцтва краіны хаця б не змяншалася. Каб палепшыць статыстыку, адна жанчына мае нараджаць больш за двое дзяцей, сёння ж маем толькі 1,7. Да таго ж гэтак званая дэмаграфічная піраміда цяпер змяняецца не ў бок прыросту. Старэйшы навуковы супрацоўнік «BEROC» Леў Львоўскі распавёў, што гэта натуральны працэс:

«Зараз у нас з узросту, калі людзі нараджаюць шмат дзяцей, сыходзіць вялікая група насельніцтва, а ва ўзрост, дзе высокі ўзровень смяротнасці – каля 70 гадоў – уваходзіць вялікая група пасляваенных дзяцей».

Не можа Беларусь павялічыць колькасць насельніцтва і коштам мігрантаў. У апошнія гады нязначныпрырост быў толькі пры з’яўленні перасяленцаў з-за ваеннага канфлікту паміж Расеяй і Украінай. Паводле Льва Львоўскага, улады не маюць ідэяў, як разрэкламаваць Беларусь як краіну, прывабную для жыцця:

«Ёсць расейцы і ўкраінцы, якія прыязджаюць у ПВТ. Але больш умоваў не ствараецца. І складаецца ўражанне, што ўрад не задумваецца пра гэта ўвогуле».

Кіраўнік Беларусі перакананы, што краіна можа пракарміць і 20 мільёнаў чалавек, а найгалоўнейшая арыенцір, паводле яго, – 15 мільёнаў жыхароў. Аднак статыстыка паказвае, што ад гэтай задачы мы рухаемся ў адваротны бок.

Марыя Грыц, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары