Скандал у Расеі. Навальны ўзяўся за дзяцей расейскай эліты


27-гадовы Мікалай Чоўлз – аматар коннага спорту, дарагіх аўтамабіляў і прыватных самалётаў. Ад жыцця малады чалавек, які вярнуўся ў Расею з Вялікай Брытаніі, бярэ ўсё. Ён не затрымаўся на крамлёўскім тэлеканале «Russia Today» і цяпер не працуе. Затое яму вельмі пашанцавала з сям’ёй.

Бацька Мікалая Чоўза – Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Крамля

«Ён – прыклад таго, як у Расеі, дзе пяты год запар падаюць даходы насельніцтва, дзе 20 мільёнаў чалавек знаходзяцца за мяжой беднасці, дзе 75% жыхароў мараць аб зарплаце ў 45 тысяч рублёў, можна выдатна жыць у сваё задавальненне на самым высокім узроўні, і пры гэтым нічога не рабіць», – б’е аргументамі па раскошы карупцыянераў Аляксей Навальны, палітык і змагар з карупцыяй.

У Чоўлза 116 штрафаў за перавышэнне хуткасці

А таксама няма сярэдняй адукацыі, у брытанскім юнацтве ён адседзеў 15 месяцаў за рабаванне і судзіцца з былою жонкай за аліменты. Прыгожым жыццём сын прэс-сакратара Пуціна ахвотна дзеліцца ў сацсетках.

Дачка Пяскова ды іншыя дзеці «папікаў»

Ліза – вучылася ў Францыі. Год навучання каштуе амаль Eur 9 тыс. Але з гэтага лета дзяўчына працуе ў Расеі – займаецца развіццём бізнес-патрыятызму, ездзіць у госці да Рамзана Кадырава і ў Крым – каб даць параду, як выратаваць аброслы пазыкамі завод «Паўднёвы Севастопаль».

Знайшлі сябе на радзіме і дзеці іншых дзяржчыноўнікаў. Сын Сяргея Іванова – старэйшы віцэ-прэзідэнт «Ашчадбанку», сын Сяргея Кірыенкі – віцэ-прэзідэнт «Ростэлекаму», сын экс-кіраўніка ФСБ Патрушава кіруе «Россельгасбанкам» і гэтак далей.

Абы не было вайны!

Свае расследаванні Фонд барацьбы з карупцыяй адрасуе маладым людзям, якія выраслі ў часы пуцінскай стабільнасці з тэлефонамі ў руках. Іх тое, што адбываецца, абурае. Менавіта моладзь складала большую частку ўдзельнікаў антыкарупцыйных мітынгаў.

Пакаленне старэйшае па-ранейшаму лічыць, што толькі б не было вайны і крызісу 90-ых. Іх задавальняе маўчанне Крамля і яго прэс-сакратара на тэму нябеднага жыцця Мікалая Чоўлза, які лаканічна назваў факты, што ўбачыў свет, жахам і правакацыяй.

Маша Макарава, Сцяпан Святлоў, «Белсат»