Скандал у «Маяку Менска». Хто заплаціць за энергію?


Чарговы скандал у будаўнічай сферы – гэтым разам у комплексе «Маяк Менску». Забудоўнік – «Зомэкс Інвэстмэнт» – судзіцца з таварыствамі ўласнікаў трох дамоў знакамітага комплексу, патрабуючы ад іх платы за энергію.

Амаль 750 тысячаў рублёў патрабуе забудоўнік ад жыхароў трох дамоў знакамітага комплексу «Маяк Менску», гэта нібыта пазыка за камунальныя паслугі. Ці здолее набліжаны да ўлады бізнес выбіць грошы з сваіх кліентаў пры дапамозе судовай сістэмы?

Паводле жыхароў дамоў на вуліцы Пятра Мсціслаўца 20, 22 і 24, дамы павінныя былі быць здадзеныя ў канцы 2012-га года, аднак «Зомэкс Інвэстмэнт» перадаў дамы ў карыстанне з практычна гадавым адтэрмінаваннем. Ніякай кампенсацыі за такія нязручнасці жыхары не атрымалі.

«Забудоўнік – «Зомэкс Інвэстмэнт» – не перадаў гораду на баланс сеткі электрычнасці. І мы не мелі магчымасці заключаць дамовы з «Менскэнерга», – кажа жыхарка дому №24 Любоў Кавальчук. – Нам казалі, казаў кіраўнік майму мужу, хадзілі іншыя людзі пыталі, як нам заплаціць за электрычнасць. Адказалі: не плаціце нічога, мы вінаватыя, што вашыя дамы здаліся з адтэрміноўкаю, таму карыстайцеся».

Такая сітуацыя трымалася амаль чатыры гады пасля ўвядзення дому ў эксплуатацыю да пачатку 2017-га года. Калі сеткі былі ўрэшце здадзеныя, жыхары адразу заключылі дамовы з «Менскэнерга» і пачалі аплочваць карыстанне электрычнасцю паводле адпаведных тарыфаў. А ў красавіку мінулага года «Зомэкс Інвэстмэнт» выставіў таварыствам уласнікаў трох дамоў рахункі за электраэнергію за той перыяд, калі сетак яшчэ не здалі.

«У «Зомэксу» стаяў трансфарматар асабістых патрэбаў. То бок тое абсталяванне, якое фактычна дому не належыць, стаіць за межамі дому. І, хутчэй за ўсё, яны яго эксплуатавалі або для сваіх нейкіх бытовак, можа, для асвятлення будаўнічай тэрыторыі, можа, яны падключалі і асвятленне дамоў да гэтага. То бок фактычна гэта былі іхныя затраты, а не затраты жыхароў», – кажа старшыня праўлення таварыства ўласнікаў Максім Церашэнка.

Кіраўніцтва таварыства ўласнікаў заяўляе, што самое патрабавала перадаць ім сеткі, але «Зомэкс Інвэстмэнт» не згаджаўся і настойваў на захаванні сетак на сваім балансе. З другога боку, прадстаўнікі забудоўніка сцвярджаюць, што гэта таварыства ўласнікаў мэтанакіравана зацягвала тэрміны заключэння дамоваў у «Менскэнерга», а таму павіннае цалкам аплаціць скарыстаную «Зомэксам» энэргію.

«Сумы выстаўляліся нам паводле тарыфаў для юрыдычных асобаў, для будоўлі. І «Зомэкс» плаціў па гэтых тарыфах, бо ён не зрабіў як след электрычныя сеткі, а цяпер вешае на нас гэтыя сумы. Гэта несумленна», – дадае Любоў Кавальчук.

Як кажуць у таварыстве ўласнікаў, нават калі жыхары дамоў і павінныя аплаціць спажыванне энергіі за той час, калі яны не мелі дамоваў з «Менскэнерга», гэтая сума ў тры разы меншая за тую, якую патрабуе «Зомэкс Інвэстмэнт».

«Хутчэй, тут праглядаецца такі элемент, што нахабства – гэта другое шчасце. Бо канечныя спажыўцы мусяць спажываць энергію па тарыфах, якія ўстаноўленыя для насельніцтва… Ён узяў усе затраты і, як кажуць, пульнуў Маяку-20. А я думаю, што Маяк-20 не мусіць плаціць за тое, чаго ён не спажываў», – кажа юрыст Мікалай Арцюхоў.

Цяпер толькі Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь разбярэцца, ці мае права забудоўнік патрабаваць аплаты паводле сваіх дамоваў і рахункаў ад жыхароў дамоў, якія сам здаў з вялізным пратэрмінаваннем.

Зміцер Міцкевіч