Сірыя: вайна ўсіх супраць усіх без надзеі на мір


Спадзеву на істотны прарыў ва ўдзельнікаў чарговага раўнду перамоваў наконт Сірыі ў Жэневе няма. Варожыя бакі надалей размаўляюць паміж сабой з дапамогай пасярэдніка. А вось палітычная вага апанентаў за апошні год змянілася істотна.

Кантрольны стрэл «Ісламскай дзяржавы»

Выбух аўтамабіля ў вёсцы непадалёк ад сірыйскага Эль-Бабу забраў жыцці прынамсі 40 чалавек. Вайсковыя эксперты кажуць, што гэта дэманстрацыйны жэст тэрарыстаў, помста за згубленыя тэрыторыі. Напярэдадні ўзброеныя сірыйскія паўстанцы з падтрыманнем Турцыі ўзялі пад кантроль большую частку гораду.

Упершыню ўлады і апазіцыя селі за стол перамоваў

Тым часам у швейцарскай Жэневе – чарговая спроба дасягнуць у Сірыі міру ці прынамсі стабільнага замірэння. Чаканні ад сустрэчы вельмі стрыманыя. Але прынамсі адзін крок насустрач ужо зроблены – упершыню за шэсць гадоў сірыйскія ўлады і лідары апазіцыі сустракаюцца непасрэдна за адным сталом.

Паміж бакамі ўсё гэтак жа востра стаіць галоўны палітычны канфлікт – перадаванне ўлады. Прадстаўнікі апазіцыі, зрэшты, вельмі разʼяднаныя, настойваюць на сыходзе прэзідэнта Башара аль-Асада. Не пагаджаецца на гэта не толькі ўласна афіцыйны Дамаск, але і яго галоўныя хаўруснікі – Расея і Іран. Да таго ж летась сірыйскае войска моцна прасунулася тэрытарыяльна, таму паўстанцы да перамоваў падышлі са слабейшай пазіцыі.

Ці адкажа Асад за злачынствы?

Узмацненне Дамаску і нават ягоныя спадзяванні на перамогу не азначаюць, што здымаецца адказнасць за ваенныя злачынствы. У гэтыя ж дні Рада бяспекі ААН правядзе галасаванне аб увядзенні санкцыяў супраць 11-ці сірыйскіх генералаў і чыноўнікаў за выкарыстанне хімічнай зброі. Рэжым аль-Асада можа быць датычны і да Арыштаў і знікнення тысячаў «нелаяльных» сірыйцаў.

Сірыйскія жанчыны дамагаюцца дапамогі міжнароднай супольнасці ў справе іх зніклых сваякоў. Галоўны пасярэднік у жэнеўскіх перамовах Стафан дэ Містура паабяцаў, што гэтае пытанне не застанецца без увагі. Але трымаць працэс размоваў у сваіх руках прадстаўніку ААН будзе не проста. Кантроль над перамоўным працэсам спрабуе перахапіць Масква – у тым ліку з дапамогаю сустрэчаў варожых бакоў у Казахстане. Асабліва ўдала такія спробы могуць выглядаць з увагі на безвыніковасць ранейшых жэнеўскіх сустрэчаў.

Таццяна Рэут «Белсат», фота: warontherocks.com