Сінякі замест ружаў. За паўгода 55 чалавек загінула ад гвалту ў сям'і


Гвалт застаецца актуальным пытаннем для Беларусі. Лічбы бязлітасныя: за першыя шэсць месяцаў 2019 года ад хатняга гвалту загінула 55 чалавек. Ці ёсць зрухі ў праблеме?

Яўгенія ўпершыню сутыкнулася з фізічным гвалтам, калі ёй было 16 гадоў. Першы хлопец дзяўчыны дарыў ёй кожную суботу белую ружу, але мог і ўдарыць. Яўгенія вырашылася распавесці нам сваю гісторыю не паказваючы твар.

«Ён мог спакойна ўзяць мяне на перапынку – мы вучыліся разам у ліцэі – і цягаць за валоссе, хапаць. І ўсё гэта было на ўзроўні «хіхі-хаха» ад знаёмых, ад настаўнікаў. Сварыцеся, маўляў, гэта нармальна», – кажа сёння яна.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Прыняцце закону на думку Яўгеніі сітуацыю не зменіць. Трэба змяніць стаўленне грамадства і супрацоўнікаў міліцыі да гвалту. На жаль, гісторыя дзяўчыны не ўнікальная. Паводле даследавання Акадэміі навук і Фонду народанасельніцтва ААН, кожная трэцяя беларуска пакутуе ад фізічнага ці сексуальнага гвалту. Маштабы гвалту над жанчынамі ў Беларусі ўпісваюцца ў агульнасусветную статыстыку, кажа прадстаўніца арганізацыі ІВКА Вольга Янчук:

«Хатні гвалт будуецца на мадэлі ўлады і кантролю. Калі патрыярхальныя традыцыі, то ў такіх сем’ях гвалт робіцца не з-за таго, што людзі не ўмеюць размаўляць. Гэта не канфлікт, а мадэль улады і кантролю. Адзін чалавек лічыць, што ён мае права».

На гарачую лінію аб’яднанння «Гендарныя перспектывы» за 7 гадоў працы звярнулася больш за 13 тысячаў чалавек. 94 % з іх – жанчыны. Астатнія 6 % – мужчыны, прычым яны найчасцей пакутуюць ад іншых мужчын.

«Цяпер небездакорная сістэма пакаранняў вінаватых у хатнім гвалце. Адсутнічаюць абавязковыя карэкцыйныя праграмы для віноўнікаў хатняга гвалту», – кажа кіраўніца гарачай лініі МГА «Гендарныя перспектывы» Ганна Коршун.

Каб прывабіць увагу да праблемы хатняга гвалту, грамадскія актывісты зладзілі імпрэзу «Вечар без гвалту». У праграме: лекцыя, дыскусіі, тэматычная фотавыстава і подпіс паштовак. Мэта флэш-мобу з паштоўкамі – нагадаць беларусам аб важнасці тэмы гвалту ў Беларусі. Даслаць паштоўкі можна каму заўгодна. Напрыклад, наша журналістка даслала іх Аляксандру Лукашэнку.

У Беларусі асобнага закону супраць хатняга гвалту няма. Летась рыхтаваць яго пачало Міністэрства ўнутраных справаў, але пасля таго, як менавіта Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў дакумент, назваўшы «дурасцю», працу над Законам спынілі.

Ці патрэбны ў Беларусі асобны закон супраць хатняга гвалту?

«Я лічу, што патрэбны, бо цяперашняе грамадства лічыць, што хатні гвалт у нейкай ступені нармальна».

«Вы ж самі разумееце, колькі яго адбываецца, направа і налева, таму я думаю, што патрэбны».

«Я лічу, што гэта недапушчальна ў нармальнай сям’і, таму што гвалт яе руйнуе, і яно не павінна існаваць».

Калі вы сутыкнуліся з гвалтам, адмыслоўцы раяць звярнуцца перш-наперш да сайту ostanovinasilie.org. На ім можна знайсці кантакты псіхолагаў, якія працуюць з тэмай гвалту ў розных беларускіх гарадах.

У Менску працуе прытулак арганізацыі «Радыслава», у 5 гарадах жанчынам дапамагаюць SOS-дзіцячыя вёскі. Штодзённа з 8:00 да 20:00 працуе гарачая лінія па тэлефоне 8-801-100-8-801. Таксама па ўсёй краіне працуе больш за 130 дзяржаўных крызісных пакояў.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu