Сілавікі зладзілі «маскі-шоў» у дамах анархістаў


У Менску ў кватэрах шэрагу моладзевых актывістаў адбыліся ператрусы: сканфіскаваныя кампʼютары, іншая тэхніка, кнігі. Паводле анархісцкай арганізацыі «Чорны Крыж», ператрусы ладзілі адмыслоўцы крымінальнага вышуку паводле справы ў Івацэвічах, дзе два месяцы таму анархісты падпалілі рэкламны шчыт.

Каля 15 чалавек з вобшукам – тры з якіх былі ў масках са зброяй – брутальна ўварваліся ў дом, дзе жывуць у тым ліку экалагічныя актывісты. Прычыну ператрусу ім не патлумачылі. Маладзёнаў паклалі тварам у падлогу, некаторых збілі, канфіскавалі тэхніку і грошы.

Ахвяраю вобшукаў сталася і праваабаронца з праваабарончага цэнтру «Вясна» Анісія Казлюк. Па адрасе, куды да яе прыехалі супрацоуникі МУСу, нібыта жылі анархісты. Вобшук у кватэры, дзе жыве дзяўчына, адбыўся яе ў адсутнасць.

Актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў звязвае гэтыя падзеі з ціскам на анархістаў увогуле. Гэты рух вядомы ў тым ліку смелымі і нават дзёрзкімі акцыямі.

Ці звязаныя ўсе вобшукі ў грамадскіх актывістаў, эколагаў і праваабаронцаў з крымінальнаю справаю з падпалам у Івацэвічах – пакуль не вядома. Як невядомыя і магчымыя наступствы для тых, у каго правялі вобшукі.

Юлія Лабанава, «Белсат»