Сілавікі «жорстка» возьмуцца за алкаголікаў


Міністр унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч анансаваў актывізацыю праваахоўных органаў у барацьбе з п’янствам і алкагалізмам. Гэткія заявы з боку ўладаў гучаць не першы і не другі раз. Са словаў міністра, на ўзровень злачыннасці ў краіне моцна ўплываюць асобы, якія злоўжываюць спіртным: тыя, для каго алкаголь стаў прадуктам харчавання і штодзённага спажывання.

«Трэба вельмі жорстка караць – я не пабаюся гэтага слова – бытавых п’яніц ды і ўвогуле ўсіх алкаголікаў. У іх усё гіпертрафіравана. Пачынаючы свядомасцю і заканчваючы паводзінамі. У бліжэйшы час мы будзем экстранна выпрацоўваць новыя меры па мінімізацыі ў цэлым для дзяржавы наступстваў гэтага п’янства, алкагалізму і так далей», – зазначыў Ігар Шуневіч.

25 % злачынстваў здзяйсняюцца нецвярозымі асобамі

А доля забойстваў, наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў, рабавання, разбояў і хуліганства ў п’яным стане дасягае 70–80 %.

Напрыканцы лютага, на паседжанні Рады бяспекі Беларусі, Лукашэнка запатрабаваў больш жорстка караць за правапарушэнні ў нецвярозым стане. Аднак кіраўнік краіны выказаўся супраць дадатковай забароны на продаж алкаголю, хоць такія прапановы ўвесь час паступаюць ад Міністэрства ўнутраных справаў.

І калі з увядзеннем чарговых забаронных і абмежавальных захадаў у Беларусі ніколі праблемаў не ўзнікала, то на паляпшэнне сацыяльна-эканамічнага становішча насельніцтву краіны спадзявацца не выпадае. Гэта ўжо выклік зусім іншага маштабу і для дзяржавы, і для грамадства.

Зміцер Мацкевіч, «Белсат»