Сілавікі выконваюць планы па затрыманнях


Болей за 1000 затрыманых – гэткі вынік нядзельнага Маршу народаўладдзя, які паводле колькасці схопленых людзей перавысіў лічбы папярэдніх мірных акцыяў апошніх трох месяцаў. Сваякі ды сябры да позняга вечара шукалі сваіх родных па РУУС. А сёння чакалі судовых паседжанняў, каб даведацца пра іхны далейшы лёс.

«Паводле папярэдняй інфармацыі, верагодна, яго арыштуюць на 15 содняў і будуць трымаць у Жодзіне. Мы, вядома, спадзяемся на лепшае. Галоўнае, каб быў жывы, здаровы, не білі, не чапалі. Нічога страшнага, мы гэта перажывем», – распавядае Арына Аляшкевіч, дачка затрыманага Змітра Аляшкевіча.

15 содняў арышту прысудзіў эколагу Віктару Фенчуку ў судзе Савецкага раёну сталіцы Аляксандр Воўк. Схапілі Віктара ўчора ля Стэлы. Літаральна напярэдадні свайго затрымання ён паспеў даць каментар нашаму каналу.

«Я думаю, увесь гэты працэс, да выбараў тое, што ў краіне адбывалася, і пасля выбараў, 90 дзён – гэты пратэст вельмі добра паказаў уладзе і ўсім вакол нас, усім краінам, якія нас атачаюць, што ёсць у краіне нацыя, якая ўжо не пагадзілася з тым, што ёсць», – выказаўся Віктар Фянчук падчас нядзельнага маршу.

Максімальнага пакарання для Віктара Фенчука сябры і калегі не чакалі.

«Гэта быў цалкам мірны пратэст. Так, ён браў у ім удзел. Так, ён меў сцяг. Але ён не аказваў супраціву, ён падпарадкаваўся патрабаванням праваахоўных органаў, калі яго ўзялі пад рукі і павялі, ён не супраціўляўся, не вырываўся, ён паслухмяна ішоў туды, куды яму сказалі», – кажа сябра Віктара, што быў сведкам ягонага затрымання.

Змяненне тактыкі ў разгоне пратэстаў, якое ўчора прадэманстравалі сілавікі, праваабаронцы тлумачаць:

«Загад на колькаснае затрыманне, на дэманстрацыю з боку АМАПу і іншых сілавікоў, пастаўлены такім чынам, каб як мага болей людзей затрымаць, запужаць, падвергнуць адміністратыўным пакаранням», – кажа праваабаронца Гары Паганяйла.

На руку ўладам іграе традыцыйнасць і нязменнасць мірнага пратэсту. Таму, на думку філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча, пратэсту таксама варта вывучаць дзеянні сілавікоў і змяняць фарматы.

«Давайце думаць, як мы можам рабіць пратэст, гэтае татальнае непадпарадкаванне на кожным працоўным месцы, у кожным квартале, у кожнай кватэры нават і г. д. На жаль, у нас на балконах вельмі мала сцягоў. Мы не пазначаем нашу большасць за межамі тых маршаў, што робім штонядзелі. А яны павінны ведаць, што нас большасць, яны баяцца гэтай большасці», – мяркуе філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Сёння да содняў арышту прыгаварылі і музыкаў, затрыманых пасля дваровага канцэрту ў суботу. Гэтак, Андрусю Такіндангу далі 15 содняў, столькі ж прысудзілі Паўлу Аракеляну. Беларускія праваабаронцы ж прызналі блогера Эдуарда Пальчыса, якога абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, палітычным зняволеным. Такім чынам, агулам у спісе цяпер значыцца 121 асоба.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»